Старая пайшла. Выходзячы, яна замкнула за сабою дзверы, і Рэвека чула, як яна павольна спускаючыся са сходаў, бурчэла і праклінала круцізну кожнай ступенькі.
Рэвецы ўяўляўся лёс, яшчэ больш жахлівы, чым Равене, таму што не было чаго чакаць, каб з ёю асабліва цэрамоніліся. Затое на баку яўрэйкі была тая перавага, што прывычка разважаць і прыроджаная характару лепш падрыхтавалі яе да барацьбы з небяспекамі.
Перш на перш яна ўважліва агледзела пакой; але пераканалася, што тут няма адкуль чакаць ратунку: ні патаемных дзвярэй, ні патаемнага ходу ў падлозе не аказалася, і пакой, відаць, не меў сувязі з астатнімі пабудовамі, а быў акружаны круглымі сценамі адзінокай вежы. З сярэдзіны дзверы не запіраліся ні на ключ, ні на зашчапку. Адзінае акно адчынялася на агароджаную пляцоўку наверсе вежы, і ў першую хвіліну гэта было Рэвецы надзеяю на магчымасць уцячы адсюль. Але яна той-жа час пераканалася, што адтуль не было ходу ні ў якія іншыя будынкі, а было гэта нешта ў выглядзе балкона ці адзінокай тэрасы, агароджанай балясамі з дзіркамі або бойніцамі, дзе можна было паставіць некалькі стралкоў і з іх дапамогаю абараняць сцяну замка з гэтага боку.
Дзверы ціха адчыніліся, і ў пакой павольна ўвайшоў мужчына высокага росту, апрануты таксама, як бандыты, што захапілі яе ў палон. Увайшоўшы, ён зачыніў за сабою дзверы. Яго капялюш, насунуты на лоб, скрываў верхнюю частку яго твара, а астатнюю ён закрываў крысою свайго плашча. У такім выглядзе стаяў ён перад перапалоханай Рэвекай, і, здавалася, сам не мог растлумачыць прычыну свайго з’яўлення, так што Рэвека прымусіла сябе адважыцца пачаць гутарку. Спешна зняўшы з сябе два дарагія бранзалеты і маністы, яна працягнула іх разбойніку, натуральна мяркуючы, што задаволіўшы яго хцівасць, яна можа задобрыць яго.
— Вось вазьмі, мой сябра, — сказала яна, — і злітуйся над мною і маім старым бацькам! Гэтыя рэчы каштоўныя, але яны нішто ў параўнанні з тым, што ён дасць табе, калі ты адпусціш нас з гэтага замка чэсна і бяскрыўдна.
146