Старонка:Айвенго (1934).pdf/149

Гэта старонка не была вычытаная

— Прыгожая кветка Палестыны, — адказаў разбойнік, — гэтыя ўсходнія перлы уступаюць белаце тваіх зубоў; гэтыя маністы блішчаць, але ім не зраўняцца з тваімі вачамі, а я з таго часу, як узяўся за гэтае вольнае рамяство, даў за рок заўсёды цаніць хараство вышэй багацтва.

— Вазьмі выкуп і адпусці нас! — сказала Рэвека. — Наша золата купіць табе ўсякія радасці, а калі ты нас пакрыўдзіш, ты сам будзеш каяцца. Мой бацька з ахвотаю дасць табе ўсё, што ні папросіш, і калі ты зможаш добра распарадзіцца нашым багаццем, з дапамогаю яго можаш дабіцца даравання ўсіх мінулых правінасцей і паставіць сябе ў такое палажэнне, каб больш не спатрэбілася здабываць сродкі для жыцця незаконным шляхам.

— Добра сказана, — прагаварыў разбойнік пафранцузску, не умеючы, відаць, добра падтрымліваць гутарку, пачатую Рэвекай пасаксонску, — але ведай, светлая лілея з даліны Бака, што твой бацька знаходзіцца ў руках спрактыкаванага алхіміка, які зможа ператварыць у срэбра і золата нават іржавыя краты турэмнай печы. Шаноўнаму Ісааку робяць цяпер такую аперацыю, якая выцісне з яго ўсё, што ёсць у яго каштоўнага, і для гэтага не трэба ні мае просьбы, ні твайго малення. Твой-жа выкуп павінен быць выплачаны хараством і каханнем, і я іншай манеты не прызнаю.

— Ты не разбойнік, — сказала Рэвека таксама пафранцузску. — Ні адзін разбойнік у гэтым краі не ўмее гаварыць на тваёй мове. Ты не разбойнік, а проста нармандзец, можа нават, шляхетнага паходжання… Будзь-жа сапраўды шляхетным на справе, і скінь гэту маску крыўды і гвалту!

— Ты добра ўмееш адгадваць, — сказаў Брыян дэ-Буагільбер, аднімаючы плашч ад твара. — Так, я не разбойнік. Я такі чалавек, які хутчэй здольны ўвешаць твае рукі і шыю перламі і брыльянтамі, чым пазбавіць цябе гэтых упрыгожанняў.

— Дык чаго-ж табе трэба ад мяне? — сказала Рэвека.

Вочы храмоўніка бліснулі.

— Слухай, — сказаў ён, — я цябе заваяваў уласнай зброяй, і ты абавязана мне павінавацца, па законах усіх краін і народаў.

147