скім дваранінам, імя якога было нават невядома за межамі яго ўбогага маёнтка. А я шчыра кахаў яе і горка адплаціў за сваю зганьбаваную вернасць! Але мая помста адбілася ўсё-ж цяжэй на мне самім. З таго дня я адмовіўся ад жыцця і ўсіх вязей, якія прывязвалі да яе чалавека… Я не буду мець свайго прытулку… я пазбаўлены ўцехі мець каханую жонку… На старасць у мяне не будзе свайго цёплага кута. Пахаваюць мяне самотна… Я памру без патомства, і не будзе каму прадаўжаць старадаўні род Буагільбераў. Каля ног майго апекуна я склаў усе правы на самастойнае жыццё… адмовіўся ад свае незалежнасці. Храмоўнік толькі па імені не раб — ён жыве, дзейнічае і дыхае па волі і загадах другой асобы.
— Якую карысць вам дае такое поўнае адмаўленне, — сказала Рэвека.
— Магчымасць помсты, — ускрыкнуў храмоўнік, — і яшчэ шырокія гарызонты шукання сабе пашаны!
— Дрэнная ўзнагарода.
— Не гавары гэтага! — сказаў храмоўнік. — Не, помста ёсць радасць багоў! І калі праўда, як упэўніваюць папы, што багі захоўваюць гэта права для сябе саміх, то гэта таму, што яны яго лічаць вельмі каштоўнай перавагай, каб аддаваць яго простым смяротным…
— А пашана да сябе! Гэта такая спакуса, якая здольна трывожыць чалавечую душу нават сярод шчасця…
Памаўчаўшы з хвіліну, ён пачаў гаварыць далей:
— Рэвека, тая, што аддала перавагу смерці перад ганьбою, павінна мець душу гордую і сільную. Ты павінна стаць маёю… Не, не палохайся, — дадаў ён, — я разумею не інакш, як з тваёй згоды і па тваёй добрай волі. Ты павінна згадзіцца падзяліць са мною надзеі больш шырокія чым тыя, што прадстаўляюцца з вышыні трона. Выслухай мяне, перш, чым адкажаш і абмяркуй перш, чым адмаўляцца… Рыцар храма траціць, як ты праўдзіва сказала, усе грамадскія правы і ўсякую магчымасць самастойнай дзейнасці; але за тое ён становіцца дзейным членам такой магутнай карпарацыі, што перад ёю пачынаюць дрыжэць самыя троны… Я далёка не з апошніх членаў магутнага ордэна,
151