Старонка:Айвенго (1934).pdf/164

Гэта старонка не была вычытаная

— Мужны-ж ты манах, — сказаў вартаўнік, — калі адважыўся прыйсці ў такое месца, дзе за выключэннем нашага п’янага капелана, ужо дваццаць год як не было такіх пеўчых птушак, як ты.

— Ужо будзь ласкавы, — сказаў уяўны манах, — далажы пра мяне гаспадару замка; павер, што ён мяне прыме з ахвотаю; а я бяруся так моцна спяваць, каб па ўсяму замку чуваць было.

— Вось за гэта дзякуй, — сказаў вартаўнік, — але калі мне дастанецца за тое, што я пакіну маю вартаўнічую будку дзеля твайго даручэння, я не пагляджу, што ты манах, а прыстрэлю цябе на месцы.

Пагразіўшы яму такім чынам, вартаўнік выйшаў з маленькай вежы і пайшоў у вялікую залу замка з паведамленнем, што каля брамы стаіць святы чалавек і просіць дазволу ўвайсці. Да немалога здзіўлення вартаўніка, гаспадар загадаў тойчас упусціць святога чалавека.

Шалёная саманадзейнасць, якая штурхнула Вамбу ўзяць на сябе небяспечную ролю, ледзь не пакінула яго ў тую хвіліну, калі ён апынуўся ў прысутнасці такога страшэннага чалавека, якім быў грозны Фрон дэ-Бёф, што на ўсіх наганяў жах. Бедны блазен прагаварыў свой „Мір вам!“ такім дрыжачым і слабым голасам, якім яшчэ ні разу не гаварыў гэтага прывітання. А на яго ён наогул вельмі разлічваў для падтрымання сваёй ролі. Але Фон дэ-Бёф прывык, каб людзі ўсякага саслоўя дрыжэлі перад ім, так што палахлівасць уяўнага манаха не выклікала ў ім ніякага падазрэння.

— Хто ты, манах, і адкуль? — запытаў ён.

— Мір вам! — паўтарыў блазен. — Я — бедны служка святога Францыска, ішоў праз гэтыя лясы, папаў у рукі разбойнікаў, тыя паслалі мяне ў гэты замак выканаць мой святы абавязак пры двух асобах, асуджаных вашым высокашаноўным правасуддзем на смерць.

— Так, так, — сказаў Фрон дэ-Бёф, — а ці не можаш ты сказаць мне, святы айцец, ці шмат там гэтых бандытаў?

— Адважны пан, — сказаў Вамба, — імя ім легіён.

— Ты мне проста скажы, колькі іх, манах, а то ні твая раса, ні вяроўка не абароняць цябе ад майго гневу!

162