ты можаш узяць сцяну, не гледзячы на іх стрэлы і прашчы. Ідэі, прашу цябе! Выконвай сваё прызначэнне, а мяне пакінь майму лёсу.
Седрык з ахвотаю распытаў-бы яе падрабязна наконт яе сумных планаў, але ў гэту хвіліну пачуўся суровы голас Рэджынальда Фрон дэ-БёФ:
— Куды дзеўся гэты валында-манах? Клянуся кампастэльскай вустрыцай, я зраблю з яго пакутніка, калі ён уздумае сеяць здрадніцтва сярод маіх чэлядзінцаў!
— Ідзі хутчэй да сваіх! — прашаптала Ульрыка. — Выклікні баявы покліч саксонцаў, і няхай яны заспяваюць сваю ваяўнічую песню, калі захочуць. Мая помста будзе ім прыпевам.
Сказаўшы гэта, яна знікла ў бакавыя дзверы, а Рэджынальд Фрон дэ-Бёф увайшоў у пакой. Седрык не без цяжкасці прымусіў сябе пакорна пакланіцца гордаму барону, на што той адказаў адным кіўком.
— Доўга-ж цябе затрымалі каючыяся грэшнікі, мой айцец! Аднак, ты лепш для іх, таму што на іх вяку другой споведзі ім не будзе. Ты прыгатаваў іх да смерці?
— Калі я прыйшоў да іх, — сказаў Седрык, так-сяк стараючыся гаварыць пафранцузску, — яны ўжо чакалі смерці, таму што ведалі, пад чыёй уладай яны знаходзяцца.
— Гэта-ж што такое, сэр манах? Твая мова падобна на саксонскую гаворку! — сказаў Фрон дэ-Бёф.
— Я выхоўваўся ў манастыры святога Вітольда, што ў Буртоне, — адказаў Седрык.
— Вось як! — прагаварыў барон. — Было-б лепш для цябе, калі-б ты быў нармандцам, ды і мне было-б спадручней, але няма чаго рабіць, пашлю цябе пасланцом, таму што больш няма каго. Гэты Вітольдаў манастыр у Буртоне проста савінае гняздо, і пара яго разбурыць канчаткова. Хутка настане такі час, што ні рыза, ні кальчуга не выратуюць саксонца.
— Хай будзе твая воля, — прагаварыў Седрык голасам, які дрыжэў ад стрыманай ярасці, але Фрон дэ-Бёф прыняў гэта за адзнаку страху.
— Бачу, — сказаў ён, — што ў цябе душа ў пяткі схавалася і ты ўжо ўявіў сабе, што нашы ваякі ўварваліся
170