— Шляхетныя рыцары, — выклікнуў айцец Амвросій сярод мітусні і шуму, які ўзняўся ў часе падрыхтоўкі да абароны, — няўжо ніхто з вас не выслухае даручэння вялебнага айца нашага, прыёра Эймера з Жарво? Заклінаю цябе, шляхетны рыцар, сэр Рэджынальд, выслухай мяне!
— Ідзі, мармычы свае закліканні да нябёс, — адказаў распалены нармандзец, — а нам, на зямлі няма калі іх слухаць. Гэй, Ансельм! Загадай, каб гатавалі смалу і алей, каб гатовы былі, калі спатрэбіцца ліць на галовы гэтых дзёрзкіх здраднікаў! Глядзі, каб у самастрэлаў нарыхтавана было пабольш балтоў[1]. Выставіць на вежы мой сцяг… той, стары, на якім бычачая галава!.. Яны хутка спазнаюць, з кім сёння будуць мець справу.
— Адважны пан, — прыставаў да яго айцец Амвросій, які імкнуўся ўсё-такі звярнуць на сябе ўвагу гаспадара, — я даў зарок паслухмянства, павінен-жа я выказаць волю майго настаяцеля… Дазволь далажыць табе…
— Убярыце гэтага балтуна! — крыкнуў Фрон дэ-Бёф. — Запрыце яго ў капліцы, няхай перабірае свой ружанец, покуль не скончыцца пабоішча… Вось здзівяцца нашы каменныя святыя, калі пачуюць малітвы ды акафісты; такога гонару ім не аказвалі, бадай, з таго часу, як выразбявалі іх. А добра-б прыцягнуць іх да бойніц ды скінуць на галовы абложнікаў. Там ёсць адзін святы Хрыстафор, такі моцны ды цяжкі, што адзін можа прыдушыць цэлы атрад.
Тымчасам храмоўнік наглядаў за рухам ворага куды больш уважліва, чым грубы Фрон дэ-Бёф ці яго лёгкадумны бяседнік.
— Клянуся гонарам майго ордэна, — сказаў ён, — гэтыя людзі набліжаюцца ў такім узорным парадку, якога цяжка было чакаць ад іх, хто-б яны ні былі. Паглядзіце, як майстэрскі яны карыстаюцца кожным дрэвам або кустам і з якім поспехам хаваюцца ад нашых самастрэлаў! Я не бачу між імі ні сцягаў, ні значкоў, але гатоў закласці свой залаты ланцуг, што імі кіруе які-небудзь рыцар або шляхетны дваранін, спрактыкаваны ў ваеннай справе.
— А я бачу яго, — сказаў дэ-Брасі, — вунь мільгаюць пёры рыцарскага шлема і блішчыць панцыр… Ці бачыце вы вы-
- ↑ Балты — тое, чым стралялі з самастрэлаў, у адрозненне ад стрэл, якімі стралялі з лукаў.
180