Старонка:Айвенго (1934).pdf/184

Гэта старонка не была вычытаная

Толькі пад канец вечара Айвенго апрытомнеў і пачаў разумець акружаючае. Апрытомнеўшы, ён спачатку доўга не мог нічога скеміць; дарэмна стараўся ён прыпомніць тое, што было перад тым, як ён упаў на бегавішчы, або колькі-небудзь звязна ўявіць сабе падзеі і ўражанні ўчарайшага дня. Ён адчуваў свае раны, пабітыя месцы, адчуваў вялікую слабасць, знямогу, і ўсё гэта мяшалася ў яго розуме з уяўленнем аб атрыманых і нанесеных ударах, конях, што імчацца адзін на аднаго, сшыбаюцца і падаюць, галосных выгуках, звоне зброі і ўсёй наогул імпэтнай мітусні гарачага бою. З вялікай цяжкасцю спрабаваў ён адхінуць занавеску свайго ложка і да некаторай ступені зрабіў гэта, не гледзячы на боль ад раны, якая перашкаджала яму рухацца.

Да вялікага яго здзіўлення выявілася, што ён знаходзіцца ў надзвычай прыгожа прыбраным пакоі; толькі замест крэслаў удоўж сцен ляжалі горы падушак, ды і ў іншых адносінах мебліроўка мела такі ўсходні адценак, што ён пачаў сумнявацца, ці не прывязлі яго ў часе сну назад у Палестыну. Гэта ўражанне яшчэ больш узмацнілася, калі цяжкая драпіроўка паднялася і ў дзверах паказалася жаночая фігура ў багатай адзежы, якая напамінала хутчэй усходні гарнітур, чым звычайнае еўрапейскае адзенне таго часу; гэта фігура нячутнаю хадою ўвайшла ў пакой, і следам за ёю ўвайшоў смуглы прыслужнік.

Паранены рыцар толькі што намерваўся звярнуцца з запытаннем да наведвальніцы, але яна прылажыла палец да губ, быццам прасіла яго маўчаць. Слуга, падышоўшы да ложка, адкрыў параненае сцягно з тым, каб прыгожая яўрейка магла пераканацца ў тым, што перавязка не спаўзла з месца і рана ў парадку. Яна выканала сваю справу з грацыёзнай годнасцю, проста і сціпла. У некалькіх кароткіх словах, сказаных на яўрэйскай мове, Рэвека дала патрэбныя ўказанні старому служку; а ён, які не раз ужо, відаць, быў яе памочнікам у такіх выпадках, без пярэчання падначаліўся ёй.

Айвенго моўчкі падпарадкаваўся ўсяму, што лічылі патрэбным зрабіць для яго палёгкі.

Калі ўсе гэтыя турботы былі скончаны і лекарка сабралася адыходзіць, ён больш не меў сілы супрацівіцца ава-

182