быў вінен Седрыку за воўну з яго авечак. Ад гэтага чалавека я даведалася, што Седрык і Атэльстан Конінгсбургскі пайшлі з дому прынца Іоана разгневаныя і той-жа час сабраліся выязджаць дахаты.
— А на гэтым банкеце былі з імі дамы? — запытаў Уільфрэд.
— Лэдзі Равена, — адказала Рэвека з большай пэўнасцю, чым ёй задана было пытанне, — лэдзі Равена не паехала на банкет да прынца, і цяпер, як сказаў нам іх дварэцкі, яна таксама паехала дахаты, у Ротэрвуд, разам з яе апекуном Седрыкам. Што-ж датычыцца вашага вернага зброяносца Гурта…
— Ах, — усклікнуў рыцар, — ты ведаеш яго імя?.. Але я бачу, што ведаеш, ды і як табе не ведаць, калі яшчэ ўчора ён атрымаў з тваіх рук сотню цэхінаў, як я цяпер пераканаўся толькі дзякуючы твайму вялікадушшу і шчодрасці!
— Не гавары пра гэта, — сказала Рэвека, моцна пачырванеўшы, — я цяпер сама бачу, як язык лёгка выкрывае тайны, якія сэрца палічыла-б за лепшае схаваць.
— Мой гонар, — сказаў Айвенго сур’ёзна, — абавязвае мяне звярнуць гэтыя грошы вашаму бацьку.
— Рабі, як хочаш, — сказала Рэвека, — але дачакайся, каб мінула восем дзён, а да таго часу не думай, не гавары ні аб чым такім, што магло-б перашкодзіць твайму выздараўленню.
— Добра, ласкавая душа, — сказаў Айвенго, — з майго боку было-б няўдзячна супраціўляцца тваім загадам… Яшчэ адно слова аб лёсе беднага Гурта, і я ні аб чым больш не буду цябе распытваць.
— З жалем павінна табе сказаць, сэр рыцар, што ён узяты пад варту па загаду Седрыка.
Заўважыўшы, што гэта паведамленне зрабіла на Уільфрэда цяжкое ўражанне, Равека той-жа час дадала:
— Аднак, дварэцкі Освальд гаварыў мне, што калі Гурт нічым іншым не выкліча на сябе гаспадарскага гневу. Седрык даруе яму, таму што Гурт — верны слуга, заўсёды лічыўся лепшым і цяпер толькі тым і правініўся, што даказаў сваю прыхільнасць да сына Седрыка. І яшчэ ён мне сказаў, што калі слугі заўважаць, што гнеў Седрыка на Гурта не
186