Старонка:Айвенго (1934).pdf/202

Гэта старонка не была вычытаная

— Не, я не вазьмуся! — сказаў Седрык. — Я зроду не вучыўся ні браць, ні абараняць гэтых гнёзд тыранаў, якія нармандцы пабудавалі па ўсёй нашай прыгнечанай краіне. Біцца я гатоў у першых радах; але мае сумленныя суседзі ведаюць, што я не салдат, не прывык ні да вайсковай дысцыпліны, ні да штурму крэпасцей.

— Калі так, шляхетны Седрык, — сказаў Локслі, — я з ахвотаю вазьмуся кіраваць стралкамі і даю вам права павесіць мяне на маім улюбёным дубе, калі хоць адзін з абложаных, паказаўшы нос з-за сцяны, не будзе засыпаны незлічонай колькасцю стрэл.

— Удала сказана, адважны іëмен, — прагаварыў Чорны Рыцар. — Калі палічыце і мяне вартым асобнага прызначэння і калі знойдзецца паміж тутэйшымі малайцамі досыць народу, гатовага ісці за сапраўдным англійскім рыцарам, якім магу лічыць сябе, я з радасцю прапаную вам сваё майстэрства і баявую вопытнасць і павяду атаку на сцены замка.

Размеркаваўшы такім чынам свае задачы, правадыры павялі свае атрады на першы прыступ.

Калі перадавая вежа была ўзята, Чорны Рыцар паслаў паведаміць гэту радасную вестку іëмену Локслі, у той-жа час загадаў яму сказаць, каб ён як мага больш уважліва наглядаў за абложанымі і не даваў ім часу згрупаваць свае сілы або раптоўнай вылазкай зноў адбіць толькі што ўзятае ў іх умацаванне. Рыцару было асабліва пажадана папярэдзіць магчымасць вылазкі; ён ведаў, што людзі, якімі ён камандаваў, былі не абучаны правільнай ваеннай дзейнасці, дрэнна ўзброены і што неспрактыкаваныя добраахвотнікі не змогуць вытрымаць націск вопытных воінаў, што складалі дружыну нармандскіх рыцараў, забяспечаных прытым усякай зброяй як наступальнай, так і абарончай. Стараннасць і ўздым абложнікаў былі вельмі вялікія, але ў іх не магло быць такой спакойнай самаўпэўненасці, якая ўзнікае пад уплывам правільнай дысцыпліны і прывычкі валодаць зброяй.

Рыцар, выкарыстаўшы зацішша, загадаў зрабіць нешта падобнае на плывучы мост, або проста доўгі плыт, з дапамогаю якога ён спадзяваўся перабрацца цераз вадзяны роў.

200