Збіць такі мост можна было не вельмі хутка, але правадыры не шкадавалі страчанага часу, мяркуючы, што яго выкарыстае і Ульрыка, у вольны час учыніўшы ў замку якую-небудзь выгодную для іх дыверсію.
Калі плыт быў зроблены, Чорны Рыцар звярнуўся да абложнікаў з такою прамоваю:
— Далей чакаць няма чаго, мае сябры. Сонца схіляецца да захаду, а ў мяне ёсць такая справа, якая не дазволіць мне пабыць з вамі яшчэ адзін дзень. Пры гэтым, кожную хвіліну з Іёрка можа падаспець супроць нас конніца, і нам трэба спяшацца, покуль на нас не напалі. Няхай адзін з вас сходзіць да Локслі і скажа яму, каб ён пачынаў стральбу з лукаў з супроцьлеглага боку замка і паступова рухаўся наперад, як-бы на прыступ; а вы, непахісныя англійскія малайцы, застаньцеся са мною і будзьце гатовы спусціць на ваду плыт упоперак рова, як толькі я адчыню браму нашага ўмацавання. Смела ідзіце за мною па дошках і дапамажыце мне разбіць вось тую браму, што зроблена ў галоўнай сцяне крэпасці. Тыя з вас, каму не захочацца ісці за мною, або ў каго няма годнай зброі для разбівання брамы, няхай залезуць наверх перадавой вежы, добра нацягнуць лукі і страляюць у кожнага, хто пакажацца на супроцьлеглай сцяне. Шляхетны Седрык, ты возьмеш на сябе абавязак распараджацца тымі, што застаюцца?
— О, не! Клянуся душою Херварда, — адказаў саксонец, — распараджацца я не ўмею; але няхай патомкі праклінаюць мяне і ў магіле, калі я не стану біцца ў першым радзе, куды-б ты ні павёў нас… Справа гэта — мая крэўная справа, і таму мне прыстойна ісці наперадзе ўсіх.
— Падумай аднак, шляхетны саксонец, — сказаў рыцар, — на табе няма ні панцыра, ні шлема, ты ў адной лёгкай шапцы, а замест ратнага ўзбраення ў цябе толькі шчыт ды меч.
— Тым лепш, — адказаў Седрык, — тым лягчэй мне будзе лезці на сцяну… І не палічы за пахвальбу, сэр рыцар, я табе пакажу сёння, што саксонец і з адкрытымі грудзямі гэтак-жа смела ідзе ў бойку, як нармандзец у сталёвым панцыры.
— Ну, дык наперад! — крыкнуў Чорны Рыцар, — адчыняйце браму і спускайце на воду плывучы мост.
201