Калі шум і трэск былі ўсяго мацней і Вамба справядліва заключыў, што барацьба дасягнула свайго апагею, ён пачаў крычаць з усіх сіл: „Ура, наша ўзяло!“. Каб гэтыя крыкі былі больш страшныя, ён сцягнуў дзве ці тры штукі іржавага ўзбраення, што вісела ў розных кутах залы, і пачаў з грукатам удараць адно аб адно.
Вартавы, што стаяў у сумежным пакоі, які і без таго вельмі хваляваўся, спужаўся шуму, які ўчыніў Вамба і, адчыніўшы насцеж знадворныя дзверы, пабег далажыць храмоўніку, што вораг уварваўся ў замак і ў старой зале цяпер б’юцца. Палонныя без усякае перашкоды выйшлі ў каравулку, а адтуль прабраліся ў двор замка, дзе адбывалася апошняя сутычка.
Тут быў ганарлівы Буагільбер, верхам на кані, акружаны жменькаю конных і пешых абаронцаў замка, што згрупаваліся вакол правадыра, у надзеі пад яго кіраўніцтвам як-небудзь выратавацца адсюль. Пад’ёмны мост быў па яго распараджэнню спушчаны, але ўжо зняты абложнікамі. Стралкі, якія да гэтага часу стаялі перад сценамі замка з гэтага боку, з мэтаю ўсялякімі шыбальнымі знарадамі трывожыць гарнізон, як толькі ўбачылі пажар і заўважылі, што пад’ёмны мост спускаюць, хутка абступілі браму; мэта іх была, папершае, не выпускаць гарнізона з замка, а падругое, забяспечыць сабе долю здабычы, перш чым замак паспее згарэць.
У той-жа час частка абложнікаў толькі што пранікла ў двор і шалёна напала на ўцалеўшых абаронцаў, якія такім чынам мелі напад спераду і з тылу.
Натхнёныя роспаччу і падбадзёраныя прыкладам свайго правадыра, застаўшыяся воіны біліся з надзвычайнай мужнасцю; і хоць іх было нямнога, але яны былі так добра ўзброены, што некалькі разоў адціскалі напіраўшы на іх натоўп. Рэвека, пасаджаная на каня з адным з сарацінскіх нявольнікаў Буагільбера, была ў самай сярэдзіне яго маленькага атрада, і храмоўнік нават у распале сутычкі ўвесь час клапаціўся аб яе бяспецы. Ён штораз вяртаўся да яе, не думаючы аб уласнай абароне, трымаў перад ёю трохраговы вылажаны сталлю шчыт. Хвілінамі ён пакідаў яе, выскокваў
209