Старонка:Айвенго (1934).pdf/219

Гэта старонка не была вычытаная

весела махалі сваімі пікамі і стукалі ў алебарды. Сама яна зусім авалодала сабою; толькі незвычайная бледнасць яе твара напамінала аб перанесеных ёю пакутах. Яе твар быў сумны, але адлюстроўваў як-бы зноў абуджаныя надзеі на будучае і разуменне пазбаўлення ад мінулых пакут… яна ведала, што Айвенго жывы, і што Атэльстан памёр. Выратаванне Айвенго напаўняла яе сэрца шчырым захапленнем.

Калі Равена накіравала свайго каня да таго месца, дзе сядзеў Локслі, адважны іëмен і ўсе яго таварышы ўсталі і пайшлі ёй насустрач. Шчокі яе афарбаваліся румянцам, яна прывітала іх і, нахіліўшыся так нізка, што яе пышныя распушчаныя косы на хвіліну змяшаліся з грываю каня, у нямногіх словах выказала сваю ўдзячнасць і разуменне таго, чым яна абавязана самому Локслі і ўсім яго таварышам.

— Хто з вас будзе галодны, — сказала яна ў заключэнне, — памятайце, што ў Равены ёсць чым накарміць вас; для тых, у каго будзе смага, у яе назапашана віно і піва; а калі-б нармандцы выціснулі вас з тутэйшых месц, ведайце, што ў Равены ёсць свае лясныя ўгоддзі, дзе яе выратоўнікі могуць гуляць, колькі яны захочуць, і ні адзін вартаўнік не пасмее пытацца, чыя страла падстраліла аленя.

— Дзякую, шляхетная лэдзі, — адказаў Локслі, — дзякую за сябе і за таварышоў.

Равена яшчэ раз нізка пакланілася і павярнула каня, але не ад’ехала, чакаючы, пакуль Седрык, які павінен быў ехаць разам з ёю, развітваўся з Локслі і яго таварышамі; але тут зусім нечакана яна апынулася твар у твар з палонным дэ-Брасі. Той стаяў пад дрэвам у глыбокім задуменні, злажыўшы на грудзях рукі, і Равена спадзявалася, што ён не заўважыць, як яна праскочыць міма. Але ён узняў галаву і, убачыўшы яе, здрыгануўся, і чырвань сораму заліла яго твар. З хвіліну ён стаяў у нерашучасці, потым ступіў уперад, узяў яе каня за вуздечку і апусціўся на калені.

— Ці паглядзіць лэдзі Равена хоць адзін раз… на абняслаўленага воіна?

— Сэр рыцар, — адказала Равена, — у падобным вашаму учынку сапраўдная ганьба заключаецца ў поспеху, а не ў няўдачы.

217