Старонка:Айвенго (1934).pdf/228

Гэта старонка не была вычытаная

— А ці шмат забрана людзей барона Фрон дэ-Бёф? — запытаў Чорны Рыцар.

— Ні аднаго такога, каб мог даць за сябе выкуп, — адказаў капітан, — было некалькі баязлівых нягоднікаў, ды мы іх адпусцілі на волю, няхай шукаюць сабе іншых гаспадароў… Для помсты і дзеля выгады было і так шмат зроблена, а гэта жменька народу і ўся не варта мядзянага гроша. Той палонны, пра якога я казаў, будзе куды лепш; гэта распусны манах, які ехаў у госці да свае каханкі, мяркуючы паводле яго франтаватага адзення і ўбранства яго каня… Ды вось і ён, пра воўка прамоўка, а воўк і тут. Шаноўны прэлат ідзе так жвава і бадзёра, быццам сарока!

Двое іёменаў прывялі пад рукі і паставілі перад начальнікам лясной вольніцы прыёра Эймера з абацтва Жарво.


РАЗДЗЕЛ ХХХIII

РЫСЫ твара і постаць палоннага абата паказвалі на дзіўную помесь пакрыўджанай гордасці, зухаватасці і жывёльнага страху.

— Што гэта значыць, панове? — загаварыў ён такім тонам, у якім былі ўсе тры гэтыя адзнакі разам. — Што за парадкі ў вас, скажыце на ласку? Як вы абыходзіцеся з духоўнай асобай? Ці ведаеце вы, што значыць „не накладай рукі на служку бога“. Вы абрабавалі мае скрыні, разарвалі мне карункавы каўнер надзвычай тонкай работы, які-б і кардыналу згадзіўся-б! Іншы на маім месцы проста адлучыў бы вас ад царквы, але я не злапомны, і калі вы зараз загадаеце даць маіх коняй, адпусціце маю брацію і звернеце цэлымі мае пакункі, заплоціце сотню крон за заказаную імшу ля алтара ў абацтве Жарво, ды дасцë зарок не есці дзічыны да будучай сёмухі, тады, можа, я змаўчу пра гэты бязглузды ўчынак і пра яго гаварыць больш не буду.

— Вялебны айцец, — сказаў з усмешкай капітан, — мне прыкра думаць, што хто-небудзь з маіх сатаварышоў мог так абысціся з вамі, каб выклікаць з вашага боку такі бацькоўскі наказ.

— Якое там абыходжанне! — засупярэчыў абат, падбадзёраны мяккаю прамоваю правадыра. — Так нельга абыходзіцца

226