ную палкасць, твой бацька не заставаўся-б на старасць год, як адзінокі дуб, які ўзнімае свае аголеныя ломкія галіны насустрач наляцеўшай буры!
Ён сеў на ранейшае месца, апусціў голаву і глыбока, журботна задумаўся.
З гэтай задуменнасці абудзіў яго моцны голас трубы, на які адказвалі шалёным брэхам і візгам усе сабакі ў зале, ды яшчэ штук дваццаць ці трыццаць сабак, рассеяных па ўсёй сядзібе.
Белая дубінка тойчас пайшла у ход, але Седрыку і слугам давялося нямала папрацаваць, раней чым супакоіць сабак.
— Гэй, ідзіце да брамы, — сказаў Седрык, як толькі ў зале прыціхла і прыслуга магла пачуць яго словы. — Даведайцеся, якія весткі прынёс нам гэты рог: паглядзім, якія бясчынствы і зладзействы ўчынены на маіх угоддзях.
Хвіліны праз дзве ці тры вярнуўся слуга і далажыў, што прыёр Эймер абацтва Жарво і добры рыцар Брыян дэ-Буагільбер, камандор мужнага і ганаровага ордэна храмоўнікаў, з невялікаю дружынаю, просяць зрабіць ласку і пусціць нанач па дарозе да месца турніру, прызначанага недалёка ад Ашбі-дэ-ля-Зуш на паслязаўтра.
— Эймер? Прыёр Эймер? І Брыян дэ-Буагільбер? — мармытаў Седрык. — Абодва нармандцы… Але гэта ўсёроўна, нармандцы ці саксонцы, а Ротэрвуд павінен зрабіць ім гасціннасць… Хай будуць ласкавы, калі яны пажадалі тут начаваць… Прыемней было-б, каб яны падобраму паехалі далей… Але непрыстойна адмаўляць дарожным людзям у вячэры і начлезе; прытым у якасці гасцей і нармандцы абавязаны стрымліваць сваю нахабнасць. Ідзі, Гундыберг, — дадаў ён, звяртаючыся да дварэцкага, які стаяў за крэслам з белым посахам у руцэ, — вазьмі з сабою поўтузіна слуг і правядзі прыезджых у памяшканне для гасцей. Дай парадак коням, мулам і глядзі, каб іх прыслуга ні ў чым не мела нястачы. Дай ім пераапрануцца. Калі захочуць, раскладзі агонь, падай вады на умыванне, паднясі віна і элю. Кухарам скажы, каб хутчэй прыгатавалі што-небудзь на дабаўку да нашай вячэры, і загадай падаваць, як толькі госці будуць гатовы.
22