некалькі страціў у нашых адносінах да цябе тым, што так смела адмовіўся ад гэтага непрыемнага даручэння? Не, Морыс!.. хутчэй можна сказаць, што мая павага да цябе павялічылася, бачачы тваю сумленнасць і цвёрдасць. Здараецца, што нам аказваюць неабходныя паслугі, а мы ўсё-такі не маем сілы ні любіць, ні паважаць тых, хто іх аказвае, а з другога боку, бывае, што проста адмаўляюцца нам служыць, і мы за гэта пранікаемся яшчэ большай павагай да непаслушнікаў. Я знаходжу, што арыштаваць майго няшчаснага брата не такая ўжо вялікая заслуга, каб за яе ўзнагародзіць тытулам канцлера… Але за тое ты сваім рыцарскім адмаўленнем хутчэй заслугоўваеш тытула і посах галоўнага маршала… Падумай аб гэтым, дэ-Брасі, і ідзі, выконвай сваю справу.
— Капрызны тыран! — мармытаў пра сябе дэ-Брасі, выйшаўшы ад прынца. — Дрэнна будзе таму, хто табе даверыцца. Канцлер… Скажыце, якая ласка! Нялёгкую задачу возьме на сябе чалавек, які будзе кіраваць тваім сумленнем. Але маршальскі посах… Галоўны маршал Англіі, — прагаварыў ён, працягваючы рукі наперад, як-бы жадаючы схапіць гэты посах і ідучы больш паважна, — гэта сапраўды такое званне, з-за якога варта паклапаціцца!
Як толькі дэ-Брасі пайшоў з яго пакояў, прынц Іоан паклікаў слугу І сказаў яму:
— Скажы Гугу Бардону, нашаму галоўнаму выведніку, каб прыйшоў да мяне адразу ж пасля таго, як пагаворыць з Вальдэмарам Фіц-Урс.
Праз самы кароткі час, у працягу якога прынц трывожнымі і хуткімі крокамі хадзіў па пакоі, галоўны выведнік з’явіўся.
— Бардон, — сказаў прынц, — што табе загадаў Вальдэмар?
— Даць яму дваіх адважных людзей, якія добра знаёмы з паўночнымі ляснымі нетрамі і ўмеюць адшукваць сляды чалавека і каня.
— І ты можаш дастаць такіх людзей?
— Ужо наконт гэтага будзьце спакойны, гасудар. — Адзін будзе з Гексамшыра: ён гэтак-жа прывычны высочваць тайндэльскіх і тэвіётдэльскіх зладзеяў, як ганчак чуе след
245