Старонка:Айвенго (1934).pdf/25

Гэта старонка не была вычытаная

Скажы, Гундыберг, што Седрык і сам-бы выйшаў вітаць іx, але не можа, таму што даў абяцанне далей трох крокаў ад свайго памоста не выступаць насустрач гасцям, калі яны не належаць да роду саксонскіх прынцаў. Ідзі! Глядзі, каб там усё было як належыць; няхай гэтыя гардуны не гавораць потым, што грубіян саксонец выказаў перад імі толькі сваю беднасць ды скнарасць.

Дварэцкі з некалькімі слугамі пайшоў выконваць загады гаспадара.

У гэты час Седрык звярнуўся да свайго краўчага Освальда і сказаў:

— Прыёр Эймер… гэта-ж, калі не памыляюся, родны брат таго Жыля де-Мольверэр, які зараз валодае Мідльгемам?

Освальд пачціва кіўнуў галавою у знак згоды.

— Гэты прыёр, кажуць, досыць вясёлы і гаваркі бяседнік і ўжо, напэўна, уважае келіх з віном і паляўнічы рог лепш за звон са званіцы і трэбнік. А як ты назваў таго храмоўніка?

— Брыян дэ-Буагільбер.

— Буагільбер? — паўтарыў Седрык задуменным тонам, разважаючы як-бы сам з сабою, да чаго прывучыла яго тое, што ён заўсёды знаходзіцца сярод сваіх слуг. — Буагільбер?.. Гэта імя вядомае, пра яго шмат гавораць і добрага і благога. Паводле чутак, ён з ліку самых харобрых рыцараў свайго ордэна, але загруз у звычайных паміж іх заганах: горды, дзёрзкі, люты і ласы. А між іншым… што за бяда? Ён-жа ў мяне пераначуе толькі адну ноч… Нічога, калі ласка і яго. Освальд, ускрый бочку самага старога віна, падай на стол лепшага мёду, самага моцнага элю, самага пахучага мората[1], шыпучага сідра, прыпраўленага пігмента[2] і пастаў самыя вялікія келіхі… Рыцары храма і абаты любяць добрыя віны і вялікія порцыі… Эльгіта, далажы лэдзі Равене, што мы сёння не будзем чакаць яе прыходу ў залу, калі на тое не будзе яе асаблівага жадання.

— Але сёння, безумоўна, будзе на тое яе асаблівае жаданне, — адказала Эльгіта без запінкі, — таму што яна заўжды цікавіцца паслухаць свежыя весткі з Палестыны.

Седрык гнеўна зірнуў на бойкую служанку.


  1. Морат — стары напітак, які рабіўся з мёду і соку тутавых ягад.
  2. Пігмент — пасалоджанае мёдам віно, зваранае з прысмакамі.

23