просіць у мяне рэкамендацыйнага ліста да цябе, і каб я за яго сказаў слоўца, дык я і даручаю яму гэтае пасланне, пры тым сур’ёзна раю, і нават прашу, абавязкова ўзяць за гэту дзяўчыну выкуп, таму што ён адваліць за яе з сваіх мяшкоў столькі грошай, што на іх можна будзе дабыць поўсотні дзяўчат на менш бяспечных умовах, у чым і я спадзяюся прыняць удзел па сваёй сіле, потым, калі мы з табою разам будзем весяліцца, як належыць сапраўдным браццям, прычым не забудземся і віннага келіха. І ў пісанні-ж сказана: „віно весяліць сэрца чалавека“.
У чаканні такога прыемнага спаткання, жадаю вам добрага здароўя. Дадзена з вярцепа разбойнікаў у гадзіны ранішняй малітвы.
Эймер, прыёр абацтва святой Марыі, што ў Жарво“.
А твой залаты ланцуг не доўга ў мяне пагасцяваў: ён дастаўся зладзеям і з гэтага часу будзе красавацца на шыі аднаго з беззаконных знішчальнікаў дзічыны; ён павесіць на яго свой паляўнічы свісток, якім склікае сабак“.
— Што ты на гэта скажаш, Конрад, — сказаў гросмайстар. — Вярцеп разбойнікаў!.. Для такога прыёра гэта і ёсць самае падыходзячае жыллё. Толькі хацеў-бы я ведаць, што ён разумее пад прозвішчам „новай эндорскай чараўніцы?“ — звярнуўся ён да свайго паверніка.
Конрад значна лепш гросмайстра быў знаёмы з умоўнай мовай тагачасных кавалераў, можа, нават сам практыкаваўся ў ёй. Ён растлумачыў радок, які збіў з панталыку гросмайстра, у тым сэнсе, што многія свецкія людзі ўжываюць падобныя выразы, гаворачы аб сваіх каханках. Але гэта тлумачэнне не здаволіла ўпартага фанатыка.
— Не, Конрад, тут хаваецца нешта зусім іншае, чаго ты па шчырасці і здагадацца не можаш. Гэта цэлы вір беззаконня. Рэвека з Іёрка мабыць выхаванка той самай Мірыям, пра якую ты, напэўна, чуў. Убачыш, што яўрэй зараз сам сазнаецца ў гэтым.
І, звярнуўшыся да Ісаака, ён голасна сказаў:
— Дык значыцца, твая дачка палонніца Брыяна дэ-Буагільбер?
253