Старонка:Айвенго (1934).pdf/259

Гэта старонка не была вычытаная

— Так і ёсць! Так і ёсць! — усклікнуў Бомануар, зусім магчыма, што ў гэтым выпадку брат Брыян заслугоўвае хутчэй літасці, чым строгай кары.

— Было-б вельмі шкода, — сказаў Конрад Мон-Фітчэт, — калі-б ордэн страціў аднаго з найлепшых воінаў. Брыян Дэ-Буагільбер уласнымі рукамі забіў да трох сот сарацінаў.

— Кроў іх, — сказаў гросмайстар, — будзе жаданай і прыемнай афярай угоднікам і анёлам. Што-ж датычыць ганебнай вядзьмаркі, якая зачаравала рыцара храма, дык яе безумоўна трэба пакараць смерцю. Падрыхтуйце вялікую залу для суда над вядзьмаркай.

Альберт Мальвуазен пакланіўся і пайшоў, але не затым, каб распараджацца падрыхтоўкай залы для суда, а пайшоў шукаць Брыяна дэ-Буагільбер, каб паведаміць яму, у якім стане справы і які пэўны іх вынік.

Ён застаў Брыяна ў шаленстве ад новага адпору, які ён толькі што атрымаў ад Рэвекі.

— Якая бязглуздасць! — усклікнуў ён. — Якая няўдзячнасць адхіляць чалавека, які сярод патокаў крыві і полымя рызыкаваў жыццём дзеля яе выратавання!

— Колькі разоў я вам раіў захоўваць асцярожнасць, калі не ўтрыманне, — сказаў прэсептар. — Я пачынаю думаць, што стары Лука Бомануар праў у сваім дапушчэнні, што яна вас заваражыла!

— Лука Бомануар! — усклікнуў Буагільбер. — Дык гэта ты так захоўваеш перасцярогі, Мальвуазен? Як-жа ты мог дапусціць, каб гэты стары вар’ят даведаўся аб прысутнасці Рэвекі ў прэсепторыі?

— А што мне было рабіць? — сказаў прэсептар. — Я не адкідаў ні аднае дробязі дзеля захавання твае справы ў сакрэце, але нехта пранюхаў і данëс. Але я пастараўся ўжо цябе выгарадзіць, як умеў: табе нічога не будзе, абы толькі ты адрокся ад Рэвекі. Цябе шкадуюць… лічаць цябе афярай вядзьмарства, а яе вядзьмаркай, і яна павінна пацярпець за гэта.

— Не, не, я гэтага не дапушчу! — усклікнуў Буагільбер.

— Гэта так павінна быць, так і будзе, — сказаў Мальвуазен. — Ні ты, ніхто іншы не здолее яе выратаваць.

257