Старонка:Айвенго (1934).pdf/261

Гэта старонка не была вычытаная

— Толькі не да яго ног! Не, я проста пайду да старой аблуды і абвяшчу яму ў бараду…

— Ну, добра, — прадаўжаў Мальвуазен непарушна, — абвясці яму ў бараду, што ты страшэнна кахаеш Рэвеку. І чым больш ты будзеш распаўсюджвацца аб сваім палкім каханні, тым хутчэй ён паспяшаецца яго скончыць, пакараўшы смерцю дзяўчыну… Сам-жа ты, сазнаўшыся каб усе чулі, у злачынстве, якое супярэчыць дадзенаму табою зароку, не чакай ніякай літасці з боку браціі: яны цябе ні крыху не падтрымаюць, і замест усіх надзей на бліскучую будучыню, на магутнасць і веліч ты скончыш тым, што на правах наёмнага воіна будзеш біцца дзе-небудзь у невядомасці, прымаючы ўдзел у дробных сутычках паміж Фландрыяй і Бургундыяй.

— Ты гаворыш праўду, Мальвуазен, — сказаў Брыян дэ-Буагільбер пасля хвіліннай развагі. — Я не дам старому фанатыку такой моцнай зброі супроць сябе самога. Рэвека не заслужыла таго, каб з-за яе я афяраваў сваім становішчам у свеце. Я аддам яе на волю лёсу, калі толькі…

— Не стаў лішніх умоў, калі можаш прыняць такое разумнае і патрэбнае рашэнне, — сказаў Мальвуазен. — Зараз я цябе пакіну: не трэба, каб бачылі нас у сяброўскай гутарцы. Пайду распарадзіцца, каб наладзіць у зале надыходзячае судзілішча.

— Як, — усклікнуў Буагільбер, — так хутка?

— О, так, — адказаў прэсептар, — суд-жа заўсёды адбываецца вельмі хутка, калі суддзя зараней вынес прысуд.

Прэсептар ледзь паспеў аддаць патрэбныя загады, як да яго прыйшоў Конрад Мон-Фітчэт і заявіў, што гросмайстар мае намер зараз-жа судзіць яўрэйку па абвінавачванню ў вядзьмарстве.

— Мне здаецца, што я ўсё гэта бачу ўва сне, — сказаў прэсептар, — ці мала ў нас ўрачоў з яўрэяў, і ніхто іх не лічыць вядзьмарамі…

— Гросмайстар іншай думкі, — сказаў Мон-Фітчэт, — і вось што, Альберт, я з табою буду зусім шчыры: вядзьмарка яна ці не, усёроўна; лепш каб загінула яна, чым дапусціць, каб Брыян дэ-Буагільбер загінуў для нашай справы або каб наш ордэн страдаў ад унутраных спрэчак.

259