— Я толькі зараз пераконваў яго адступіцца ад яе, — сказаў Мальвуазен. — Аднак ці ёсць досыць відавочных прычын да асуджэння гэтай Рэвекі за вядзьмарства? Можа гросмайстар яшчэ зменіць свой намер, калі пераканаецца, што доказы вельмі хісткія?
— Трэба падмацаваць іх, Альберт, — сказаў Мон-Фітчэт. — Трэба знайсці падцвярджэнні… Разумееш?
— Разумею, — сказаў прэсептар, — і сам гатоў усімі мерамі служыць росквіту нашага ордэна… Але нам дадзена так мала часу; дзе-ж мы знойдзем патрэбных сведак?
— Мальвуазен, я табе кажу, што трэба іх знайсці, — сказаў Конрад. — Тутэйшы манастыр Тэмпльстоу — прэсепторыя небагатая; манастыр, які завецца „божы дом“, удвойчы багацейшы… Табе вядома, што я карыстаюся некаторым уплывам на нашага старога валадара… Знайдзі людзей, якія могуць дапамагчы нам у гэтай справе, і ты будзеш прэсептарам „божага дома“ ў пладароднай вобласці Кента… Што ты на гэта скажаш?
— Бачыш, — сказаў Мальвуазен, — сярод прыслугі, якая прыбыла сюды разам з Буагільберам, ёсць два малайцы, якіх я даўно ведаю. Яны раней служылі ў майго брата, Філіпа дэ-Мальвуазен, а ад яго перайшлі на службу да барона Фрон дэ-Бёф…
— Дык ідзі хутчэй, знайдзі іх! І слухай, Альберт… калі трэба будзе падвастрыць іх памяць параю залатых манет, ты грошы не шкадуй!
— Яны за адзін цэхін гатовы прысягнуць, што ў іх родная матка была вядзьмаркай, — сказаў прэсептар.
— Ідзі-ж, спяшайся, — сказаў Мон-Фітчэт, — а поўдні трэба прыступіць да справы.
Цяжкі звон на вежы прабіў поўдня, калі Рэвека пачула тупат некалькі чалавек, якія паднімаліся па патаемных усходах. Мяркуючы па адгалосках, ясна было, што ідзе не адзін і гэтыя абставіны абрадавалі яе, таму што яна больш усяго баялася наведванняў Буагільбера. Дзверы адчыніліся і ўвайшлі Конрад Мон-Фітчэт, прэсептар Мальвуазен і чатыры воіны ў чорнай вопратцы, з алебардамі.
— Устань і ідзі за намі, — сказаў прэсептар.
260