Ніжняя частка вялікай залы была бітком набіта зброяносцамі і іëменамі, так што Рэвека ледзь магла прабрацца скрозь натоўпу, з дапамогаю прэсептара Альберта, Мон-Фітчэта і чатырох яе вартаўнікоў. Праходзячы да вызначанага ёй месца з апушчанай галавой і са зложанымі на грудзях рукамі, Рэвека не заўважыла, як нехта з натоўпу сунуў ёй у руку абрывак пергамента, які яна амаль бессвядома затрымала ў руцэ і прадаўжала трымаць, ні разу не глянуўшы на яго.
РАЗДЗЕЛ XXXVII
СУДЗІЛІШЧА змяшчалася на памосце, або той узвышанай частцы ў верхнім канцы залы, якая прызначалася для гаспадароў і самых ганаровых гасцей у доме і была звычнайнаю прыналежнасцю кожнага важнага і старадаўняга жылля.
На высокім крэсле, проста супроць падсуднай сядзеў гросмайстар ордэна храмоўнікаў, у даўгім і пышным адзенні белага колеру, трымаючы ў руках посах, увенчаны крыжам. Каля ног яго паставілі стол, а за сталом сядзелі два пісары, з ліку капеланаў ордэна, абавязаных пісаць пратакол. Іх чорныя рызы, брытыя макаўкі і пакорлівыя постаці складалі простую супроцьлегласць ваяўнічаму выгляду прысутных рыцараў як пастаянных жыхароў прасепторыі, так і прыезджых, што сабраліся вітаць гросмайстра. Прэсептары, якіх было чацвёра на гэтым сходзе, займалі месцы ніжэй крэсла гросмайстра і крыху ззаду яго; яшчэ ніжэй іх, на простых лавах, і таксама ззаду прэсептараў, сядзелі рыцары не столькі важнага звання, а за імі, але ўсё-такі на тым-жа ўзвышшы, стаялі ўдоўж сцен зброяносцы ордэна ў беласнежнай вопратцы.
У астатніх частках залы і каля ўваходу стаяла варта, узброеная бердышамі, і шмат усякага народу, які сабраўся паглядзець за адзін раз на гросмайстра і на відовішча суда.
Паседжанне адкрылася спяваннем псальма, да якога гросмайстар далучыў свой нізкі і прыемны бас, які з гадамі не страціў сілы і прыгожасці.
Калі гукі псальма змоўклі, гросмайстар павольна абвёў вачыма ўвесь сход і заўважыў, што месца аднаго з прэ-
262