ў натоўпе ёсць калека, якому падсудная звярнула магчымасць рухацца, вылечыўшы яго цудадзейным бальзамам.
З натоўпу выштурхнулі наперад і паставілі перад судзілішчам нейкага саксонца.
Нехаця і са слязамі расказаў ён, што за два гады перад тым, жывучы ў Іёрку і знаходзячыся на службе ў старога Ісаака столярам, ён раптам захварэў балючай хваробай, злёг у ложак і не мог крануцца з месца, покуль не пачаў лячыцца згодна ўказанняў Рэвекі, а калі яна дала яму нейкі саграваючы і вельмі пахучы бальзам, гэта дапамагло і да некаторай ступені звярнула яму здольнасць рухацца. Акрамя таго, расказваў ён, яна дала яму з сабою бляшаначку гэтай каштоўнай мазі і яшчэ дала грошай на дарогу, каб ён мог звярнуцца дахаты да свайго бацькі, які жыве каля манастыра Тэмпльстоу.
— І дазвольце далажыць вашай вялебнасці, — закончыў сведка, — не можа таго быць, каб дзяўчына мела супроць мяне злы намер…
— Маўчы, нявольнік, — сказаў гросмайстар, — і ідзі прэч! Такой скаціне, як ты, толькі прыстойна лячыцца ў знахароў. У цябе яшчэ засталася тая мазь, пра якую ты гаворыш?
Селянін дрыжачаю рукою палез сабе за пазуху і выцягнуў адтуль маленькую бляшаначку з вечкам, на якім было напісана некалькі слоў яўрэйскімі літарамі.
— Ці няма тут каго з лекароў, хто-б мог і нам сказаць, з чаго прыгатавана гэта сакрэтная мазь?— запытаў гросмайстар.
Двое медыкаў, як яны сябе велічалі, з іх адзін манах, а другі цырульнік, выйшлі наперад і, разгледзеўшы мазь, абвясцілі, што састаў яе ім зусім невядомы, а пахне яна мірой і камфарой. Аднак падбухтораныя прафесійнай нянавісцю да супраціўніцы па рамяству, якая мела большы поспех, яны не абышліся без таго, каб не намякнуць, што дзякуючы таму, што яны не ведаюць саставу гэтага лякарства, дык яно, напэўна, зроблена з нейкіх магічных зёлак супроцьзаконным спосабам. Пасля гэтай урачэбнай экспертызы саксонец смірна папрасіў, каб яму звярнулі мазь, ад якое яму рабілася лягчэй, але гросмайстар грозна нахмурыўся і запытаў, гнеўна на яго паглядзеўшы:
267