вылечыла параненага чалавека, які разам з ім прыбыў у Торкільстон. Паводле яго слоў яна рабіла нейкія знакі на яго ране, гаворачы пры гэтым таямнічыя словы, і раптам з раны вылезла жалезная галоўка стралы, кровазліянне спынілася, рана загаілася, і паміраўшы чалавек праз чвэртку гадзіны пасля таго сам выйшаў на сцяну крэпасці і пачаў дапамагаць сведку ставіць машыну для кідання камняў у ворага. Гэта байка склалася, напэўна, пад уплывам таго факту, што Рэвека даглядала за параненым Айвенго, прывезеным у Торкільстон. Але аб дакладнасці паказання тым цяжэй было спрачацца, што сведка падцвердзіў сваю слоўную заяву, выцягнуўшы з свае сумкі той самы кончык стралы, які, згодна яго запэўніванняў, дзіўна вылез з раны.
Гросмайстар урачыстым тонам запытаў Рэвеку, што яна мае сказаць супроць смяротнага прысуду, які ён мае намер зараз вынесці.
— Заклікаць да вашага спачування, — сказала дзяўчына дрыжачым ад хвалявання голасам, — было-б, як я бачу, дарэмна, і для мяне зняважліва. У сваё апраўданне не хочу нават звальваць віну на майго прыгнятацеля, які стаіць тут-жа і чуе, якім паклёпам мяне абвінавачваюць. Але ён сам з тырана ператварыўся ў афяру. Я лепш дзесяць разоў перацярплю кару, якую вы захочаце прызначыць мне, чым слухаць прапановы, якія ён безупынна навязваў мне… сваёй палоннай, безабароннай і бездапаможнай дзяўчыне! Але яго слова мае ў вашых вачах большую вартасць, чым якія-б ні былі ўрачыстыя запэўненні няшчаснай афяры. Значыцца, бязмэтна было-б накіраваць супроць яго выстаўленыя супроць мяне абвінавачванні… Але я скажу асабіста яму… Так, Брыян дэ-Буагільберг, звяртаюся да цябе самаго і пытаю, хіба ўсе гэтыя абвінавачванні не хлусня? Хіба ўсё гэта не самы неймаверны бязглузды паклёп?
Усе змоўклі. Усе погляды накіраваны былі на Брыяна дэ-Буагільбера. Ён маўчаў.
— Гавары-ж, — прадаўжала яна, — калі ты мужчына, гавары! Прашу цябе, скажы, ці праўда, што тут было сказана?
— Адказвай ёй, брат, — сказаў гросмайстар.
270