калькі хвілін Рэвека стаяла ў неапісальнай трывозе і ўрэшце ўсклікнула:
— Ды няўжо гэта так і будзе? Няўжо ў такой краіне, як Англія, буду я пазбаўлена апошняга, мізэрнага спосабу выратаваць сваё жыццё з-за таго, што ніхто не хоча аказаць мне літасць, у якой не адмаўляюць і горшаму са злачынцаў?
Хіг, сын Снеля, урэшце падаў голас, гаворачы:
— Я хоць і калека, а ўсё-ж хоць як-небудзь магу рухацца і дзейнічаць. Я выканаю тваё даручэнне, — прадаўжаў ён, звяртаючыся да Рэвекі, — і пастараюся паспяшыцца наколькі магу пры маім калецтве.
— Нічога, — сказала Рэвека. — Знайдзі Ісаака з Іёрка… Вось табе грошы, тут іх досыць для ўплаты за каня і за пасланца… Завязі яму ліст ад мяне… Жыццё і смерць залежаць ад твае спраўнасці.
РАЗДЗЕЛ XXXVIII
Наступіў змрок. У дзверы турэмнага пакоя, у якім трымалі Рэвеку, ціха пастукалі.
— Увайдзіце, — абазвалася Рэвека, — калі ты добры сябра, увайдзі, а калі непрыяцель, не маю ўлады забараніць табе ўвайсці.
— Гэта я, — сказаў Брыян дэ-Буагільбер, уваходзячы, — а сябра я ці непрыяцель, гэта будзе залежаць ад таго, чым кончыцца цяперашняе наша спатканне.
— Табе няма прычын баяцца мяне, Рэвека, — прадаўжаў храмоўнік, — ці, каб выражацца больш дакладна, цяпер табе больш няма чаго баяцца.
— Я вас і не баюся, сэр рыцар.
— Ды і чаго табе баяцца, — пацвердзіў Буагільбер сур’ёзна, — мае ранейшыя бязглуздыя парыванні цяпер былі-б недарэчнымі. За дзвярыма стаіць варта, над якой я не маю ўлады. Яны павядуць цябе на пакаранне, Рэвека, але яны не дазволяць нікому пакрыўдзіць цябе, нават мне… калі-б маё вар’яцтва — таму што гэта-ж чыстае вар’яцтва — яшчэ раз штурхнула мяне на гэта.
— Смерць — меншае з няшчасцяў, якіх я магу баяцца ў гэтым жыллі злобы.
273