паслухмяная кабыла… хіба толькі ў вандроўнага фокусніка знойдзецца скаціна больш паслухмяная за маю… Але-ж тая нават вытанцоўвяе драпака, прабіраючыся між разложанымі яйкамі… А на Мятле я ствараў цэлыя пропаведзі ў часе язды на ёй сцежкамі-дарожкамі, і добрыя атрымоўваліся пропаведзі, навучальныя як для манастырскай браціі, так і для парафіян.
— Дык, калі ласка, вялебны айцец, загадайце зараз-жа асядлаць Мятлу і скажыце Гурту прынесці сюды маё ўзбраенне.
— Аднак, любы сэр, — сказаў абат, — я прашу вас прыняць пад увагу, што Мятла таксама неспрактыкаваная ў адносінах зброі, як і яе гаспадар; я не ручаюся за тое, што можа здарыцца, калі яна ўбачыць ваша ўзбраенне, а ў асаблівасці, калі адчуе іх цяжар на сабе… Мятла, я вам скажу, скаціна вельмі разумная і не стрывае на сябе ніякага лішняга цяжару. Аднойчы здарылася, што я ў суседняга свяшчэнніка пазычыў толькі адзін том латынскага твора „Плод Часу“, дык мая кабыла да таго часу не згаджалася выйсці за браму, покуль я не замяніў цяжкой кніжкі сваім малым трэбнікам.
— Паверце, святы айцец, — сказаў Айвенго, — я не буду турбаваць вашу кабылу лішнім цяжарам, а калі яна збунтуецца, дык ёй-жа будзе горш.
Гэтыя словы былі сказаны ў тую хвіліну, калі Гурт прывязваў да ботаў рыцара пару вялікіх пазалочаных шпор, ужыванне якіх напэўна магло пераканаць любога ўпартага каня, што для яго больш усяго выгадна безумоўнае паслухмянства волі конніка.
Даўгія і вострыя кольцы, якія тырчэлі цяпер на нагах Айвенго, зрабілі на абата такое ўражанне, што ён пачынаў каяцца, навошта так ласкава прапанаваў яму сваю кабылу.
— Дазвольце, ласкавы рыцар! — усклікнуў ён. — Мая Мятла зусім не церпіць шпор… а я і забыў папярэдзіць аб гэтым. Лепш пачакайце крыху, я пашлю за кабылаю нашага аканома, ён жыве тут блізка, на ферме… Вам прыдзецца пачакаць крыху больш гадзіны, а ўжо гэта кабыла, напэўна,
281