Старонка:Айвенго (1934).pdf/287

Гэта старонка не была вычытаная

— Я нічога не гавару, — сказаў Вамба, — таму што і ў зялёнага галля бываюць вушы, не ў адных каменных сцен… Але адгадай мне загадку, сэр рыцар: калі лепш мець пустую вінную бутэльку чым поўную, і лепш пустую каліту,чым туга набітую?

— Ды ніколі, я думаю,- адказаў рыцар.

— Ну, за такі просты адказ не варта-б ніколі не даваць табе ні поўнай бутэлькі, ні набітай каліты!.. Ведай-жа, што апаражніць бутэльку трэба перад тым, як перадаць яе саксонцу, а грошы высыпаць і пакінуць дома перад тым, як выпраўляцца ў зялёны лес.

— Гавары, што хочаш, Вамба, — сказаў рыцар, — а ўсё-такі гэтыя іёмены саслужылі верную службу твайму гаспадару Седрыку ў Торкільстоне.

— Гэта праўда, — адказаў Вамба. — А ўсё-такі, — дадаў ён, знізіўшы голас і пад’ехаўшы бліжэй да рыцара, — ёсць такія малайцы, з якімі лепш не сустракацца-б.

— Хто-ж такія гэтыя малайцы, таму што ні ваўкоў, ні мядзведзяў у нас-жа не водзіцца? — сказаў рыцар.

— Так, але ў нас водзіцца ўзброеная чэлядзь Мальвуазена, — сказаў Вамба, — і магу вас запэўніць, што ў часе міжсобіцы поўтузіны такіх малайцоў варта цэлай зграі добрых ваўкоў! У сучасны момант яны выехалі на здабычу, ды з імі-ж гойсаюць салдаты, што ўцяклі з Торкільстона. Так што, калі-б мы з імі сустрэліся, дорага прышлося-б заплаціць за адвагу, выказаную вамі ў Торкільстоне… А што, сэр рыцар, калі-б, напрыклад, папалася нам пара такіх малайцоў, што-б вы зрабілі?

— Прыгваздзіў-бы агіднікаў да зямлі маім кап’ём, Вамба, у выпадку, калі яны ўздумалі-б стаць нам упоперак дарогі.

— А калі-б яны аказаліся ўчатырох?

— І тых пачаставаў-бы тым-жа, — адказаў рыцар.

— А калі-б іх было шасцёра, а нас з вамі двое, вось як цяпер, — прадаўжаў Вамба, — вы-б урэшце затрубілі ў рог іёмена Локслі, ці так?

— Што-о? Буду я клікаць на дапамогу супроць падобнай брыды. Адзін путны рыцар можа іх пагнаць, як асенні вецер гоніць сухое лісцё! — усклікнуў рыцар.

285