не гледзячы на сваё далёка не поўнае ўзбраенне, не задумваючыся, кінуўся ўперад і дапамог Чорнаму Рыцару ўстаць.
— Ці не сорам вам, агідныя трусы! — усклікнуў рыцар у сінім панцыры, які здавалася быў кіраўніком астатніх. — Няўжо вы пабяжыце ад простага ражка, на якім уздумаў пайграць блазен?
Падбадзёраныя гэтымі словамі, яны зноў напалі на Чорнага Рыцара, які палічыў за лепшае прысланіцца да ствала тоўстага дуба і адбівацца адным мячом. Вераломны рыцар узброіўся між тым другім кап’ём і, пачакаўшы тае хвіліны, калі яго праціўнік адбіваўся ва ўсе бакі, паімчаўся на яго, з намерам прыгваздзіць яго кап’ём да дрэва. Але і на гэты раз яму перашкодзіў Вамба. Маючы нязначную сілу, але вялікі спрыт, і карыстаючыся тым, што байцы не звярталі на яго ніякай увагі, блазен з вялікім поспехам адбіў фатальны напад Сіняга Рыцара, падрэзаўшы ногі яго каню ўдарам свайго мяча. Конь і коннік пакаціліся на зямлю.
Аднак становішча Чорнага Рыцара заставалася надзвычай небяспечным, таму што яго з усіх бакоў акружылі конныя воіны, узброеныя з галавы да ног, і ён пачынаў зморвацца ад безупыннага махання мячом, як раптам меткая страла палажыла на месцы аднаго з самых рослых яго праціўнікаў, і ў тую-ж хвіліну на палянку высыпаў натоўп іёменаў на чале з Локслі і вясёлым пустэльнікам. Яны прынялі чынны ўдзел у барацьбе, і хутка нягоднікі ўсе да аднаго паляглі мёртвымі або смяртэльна параненымі.
Чорны Рыцар падзякаваў сваіх збавіцеляў з такой павагай, якой яны да гэтага часу не заўважвалі ў ім.
— Перш чым выказаць усю маю ўдзячнасць маім адданым сябрам, — сказаў ён, — для мяне надзвычай важна даведацца, хто маглі быць мае нечаканыя ворагі. Вамба, рассунь забрала Сіняга Рыцара… Ён, здаецца, галоўны начальнік гэтай зграі.
Блазен падбег да правадыра забойцаў, які ляжаў, прыціснуты сваім канём, і так моцна разбіўся, што не мог ні ўцякаць, ні супраціўляцца.
— А ну, адважны воін, — сказаў Вамба, — дай я табе паслужу збраёўнікам, як паслужыў конюхам… Я цябе з каня зняў, я-ж з цябе і шлем зніму.
288