Старонка:Айвенго (1934).pdf/302

Гэта старонка не была вычытаная

Вашаму апякунству, мой добры кузен, даручаю я нашых шаноўных гасцей, будучы ўпэўнена, што яны не будуць мець нястатку ў гасціннасці, покуль яна існуе ў гэтых журботных сценах.

Госці нізка пакланіліся самотнай удаве і выйшлі следам за сваім гасцінным правадніком.

Другія звілістыя ўсходні прывялі іх наверх у залу акурат такіх-жа памераў, як тая, у якую яны ўвайшлі з самага пачатку: гэта зала была якраз над той і была ў чацвертым паверсе. Скрозь зачыненыя дзверы гэтага пакоя чуваць былі сумныя харавыя спевы. Увайшоўшы, яны засталі там дзесяткі два дам і дзяўчат са знатных саксонскіх сем’яў. Чатыры дзяўчыны, з Равенай на чале, пелі гімн у гонар памёршага.

Покуль яны ціха і працяжна спявалі хаўтурную песню, астатнія жанчыны падзяліліся на дзве групы, з якіх адна займалася вышываннем, паводле ўласнага густу і ўмення, вялікай шоўкавай апоны на труну Атэльстана, а другая выбірала з расстаўленых перад імі кошыкаў кветкі і пляла гірлянды для той-жа мэты. Калі ў залу ўвайшлі два староннія рыцары, дзяўчаты пачалі аглядацца, шаптацца і падштурхваць адна адну. Адна, Равена, пакланілася свайму збавіцелю з ласкавай грацыяй. Яна была сур’ёзная, але нясумная.

Седрык не быў вельмі пранікальны, і сум яго выхаванкі здаваўся яму настолькі глыбокім і немінучым, што ён палічыў прыстойным растлумачыць госцям, шапнуўшы ім на вуха:

— Яна была нарачонаю нявестаю шляхетнага Атэльстана.

Наўрад ці гэта паведамленне магло выклікаць у Уільфрэда жаль з прычыны смерці Атэльстана і спачуванне тым, хто яго аплакваў.

Увёўшы такім чынам гасцей ва ўсе пакоі замка, дзе так або інакш адбываліся памінкі па Атэльстану, Седрык правёў іх у невялікі пакой, прызначаны, паводле яго слоў, для ганаровых гасцей, якія менш блізка знаёмы з пакойнікам, а таму, можа, не жадаюць праводзіць увесь час з тымі, для каго гэты смутак асабліва адчувальны. Упэўніўшы іх, што ім зараз-жа будуць зроблены ўсе выгоды, ён ужо хацеў ісці, але Чорны Рыцар затрымаў яго за руку.

300