Старонка:Айвенго (1934).pdf/305

Гэта старонка не была вычытаная

абавязан храмоўніку, ён здорава хапіў мяне па галаве… Толькі меч перавярнуўся ў яго руцэ і ўдар прыпаў плашмя, дзякуючы добрай паліцы, з дапамогай якой я ў час адбіў яго. Каб у мяне на галаве быў мой сталёвы шышак, мне-б гэта хоць-бы што, і я сам пачаставаў-бы яго такім тумаком, што яму не паздаровілася-б. А тут я сапраўды ўпаў на зямлю, аглушаны, але па сутнасці непашкоджаны. Пасля таго на мяне ўпала з абодвух бакоў яшчэ некалькі чалавек забітых, і калі я ачухаўся, дык аказалася, што я ляжу ў труне… на шчасце не закалочанай… а труна стаіць перад алтаром у манастырскай царкве Эдмунда. Я некалькі разоў чыхаў, стагнаў, канчаткова апрытомнеў і ўжо хацеў устаць, ды панамар з абатам спужаліся шуму, прыбеглі і, вядома, здзівіліся, але не ўзрадаваліся, убачыўшы жывым чалавека, спадчынай якога спадзяваліся пакарыстацца. Я папрасіў віна; яны далі мне выпіць, але, мабыць, падсыпалі ў віно нейкага зелля, таму што я заснуў мацней, чым раней і доўга не прачынаўся. Яны прывязалі мне рукі да бакоў, ногі сціснулі так моцна, што да гэтага часу костачкі ныюць; прачнуўся я ў цемры ў падполлі іх праклятага манастыра; і, мяркуючы па душнаму смуроднаму паху і па вільгаці, я думаю, што гэта мог быць і пахавальны склеп. Покуль у мяне ў галаве блукалі самыя дзіўныя думкі аб тым, што са мною здарылася, дзверы рыпнулі, і ўвайшлі два агіднікі. Яны хацелі мяне ўпэўніць, што я ў чысцілішчы, але я добра пазнаў айца настаяцеля па яго грубаму голасу і кароткаму дыханню… Якая розніца з тым тонам, якім ён звычайна прасіў мяне адрэзаць яму яшчэ кусок гавядзіны!.. Гэты-ж сабака баляваў у мяне з першага дня каляд аж да вадахрышчаў.

— Пачакайце, шляхетны Атэльстан, — сказаў Рычард, — трэба-ж перадыхнуць. Не спяшайцеся. Гэта такая цікавая прыгода, якую варта паслухаць.

— Наадварот, — сказаў Атэльстан, — нічога цікавага не было. Акрайчык ячнага хлеба ды збан вады, толькі і ўсяго… Гэта яны мне давалі, мне! Тады як і я, і бацька мой асыпалі багатымі падарункамі гэтых нягоднікаў, у той час, калі ўсе прыбыткі іх манастыра заключаліся ў авечых лапатках ды ў мерках збожжа, якія яны збіралі з беднага народу за

303