— Прызналася яна ў сваім злачынстве, — запытаў ён у Буагільбера, — ці ўсё яшчэ ўпіраецца і адмаўляецца ад яго?
— Іменна ўпіраецца і адмаўляецца, — сказаў Буагільбер.
— У такім выпадку, шляхетны брат наш, — сказаў Мальвуазен, — табе застаецца заняць тваё ранейшае месца і пачакаць, покуль міне тэрмін. Глядзі, цені пачалі ўжо павялічвацца… Паедзем, мужны Буагільбер, надзея і хараство нашага ордэна і будучы наш уладар…
Дзве гадзіны прасядзелі суддзі перад бегавішчам, дарма чакаючы з’яўлення заступніка.
Агульная думка схілялася да таго, што ніхто не заступіцца за Рэвеку. Рыцары, падбіваемыя Мальвуазенам, пачалі перашэптвацца, што час ужо абвясціць заклад Рэвекі праіграным. У тую-ж хвіліну на полі паказаўся рыцар, які скакаў галопам у напрамку да арэны. Сотні галасоў закрычалі:
— Заступнік, заступнік! — галоснымі крыкамі віталі ўезд рыцара ў агарожу бегавішча. Але, убачыўшы яго блізка, гледачы адчулі, як падае надзея, узнятая яго своечасовым з’яўленнем. Конь яго, які праскакаў шмат міль ва ўвесь дух, здаўся зусім змучаным, ды і сам коннік, які так адважна праімчаўся на арэну, ледзь трымаўся ў сядле ад слабасці ці ад стомы.
На патрабаванне герольда абвясціць сваё імя, званне і мэту свайго прыбыцця рыцар адказаў смела і пэўна:
— Я рыцар, прыехаў апраўдаць мячом і кап’ём гэту самую дзяўчыну, Рэвеку, дачку Ісаака з Іёрка, даказаць, што прысуд, супроць яе, вынесены несправядлівы і пазбаўлены падставы, абвясціць сэра Брыяна дэ-Буагільбера здраднікам, забойцам і хлусам, у пацверджанне чаго гатоў біцца з ім на гэтым бегавішчы.
— Перш усяго, — сказаў Мальвуазен, — прыезджы абавязан даказаць, што ён сапраўдны рыцар і шаноўнай фаміліі. Наш ордэн не дазваляе сваім абаронцам выступаць супроць безыменных людзей.
— Маё імя, — сказаў рыцар адкрываючы забрала свайго шлема, больш вядома, чым тваё, Мальвуазен. Я — Уільфрэд Айвенго.
313