ногі, быццам ад электрычнага ўдару, а пілігрым, падняўшы палец у знак таго, што трэба захоўваць асцярожнасць, дадаў:
— Гурт, сцеражыся!.. Ты заўсёды быў асцярожны. Чуеш, адамкні фортку… Астатняе пасля скажу.
Гурт скарыўся з незвычайнай хуткасцю.
— Мой мул… Дзе-ж мой мул? — ускрыкнуў яўрэй, як толькі яны вышлі з форткі.
— Прывядзі сюды яго мула, — сказаў пілігрым, — ды слухай… дастань мне таксама мула, я паеду з ім, пакуль не выбярэмся з тутэйшай ваколіцы. Пасля я дастаўлю мула цэлым каму-небудзь з дружыны Седрыка, у Ашбі. І вось што яшчэ: ты сам…
Нахіліўшыся, пілігрым прашаптаў штосьці Гурту на вуха.
— З ахвотаю, з найвялікшай радасцю ўсё выканаю, — адказаў Гурт і пабег выконваць даручэнне.
Калі з’явіўся Гурт з двума муламі, пілігрым сеў на аднаго з іх і працягнуў Гурту руку, якую, той пацалаваў з найвялікшай пашанай.
Свінапас стаяў, гледзячы ўслед падарожнікам, покуль яны не схаваліся пад навесам галля, у глыбіні лясной сцежкі.
Падарожнікі імчаліся ўперад з такой хуткасцю, якая паказвала на крайнюю трывогу яўрэя. Пілігрым, як відаць, да тонкасці вывучыў усе лясныя сцежкі і павароты, ехаў наперадзе, трымаючыся самых вакольных шляхоў, так што Ісаак некалькі разоў падумаў, ужо ці не завёз яго вандроўнік у пастку і ці не мае намеру аддаць у рукі ворагаў.
Ад’ехаўшы па акольных сцежках на досыць далёкую адлегласць, пілігрым урэшце перапыніў маўчанку.
— Бачыш гэты стары ўсохшы дуб? Гэта мяжа ўладанняў Фрон дэ-Бёф; мы даўно і далёка ад’ехалі ад зямель Мальвуазена. Цяпер табе больш няма чаго баяцца пагоні.
— Хай паломяцца колы іх калясніц! — сказаў яўрэй. — Не пакідай мяне, добры пілігрым. Успомні аб ярасці буйнага храмоўніка і яго сарацынскіх нявольнікаў… Яны не паглядзяць ні на якія межы, не уважаць нічых правоў.
— З гэтага месца, — сказаў пілігрым, — трэба нам разысціся ў розныя бакі. Я для цябе дрэнная абарона: што ў сіле зрабіць мірны багамолец супроць двух узброеных рабаўнікоў?
38