Старонка:Айвенго (1934).pdf/48

Гэта старонка не была вычытаная

— Клянуся лысінаю Аўраама, — сказаў прынц Іоан, — гэта яўрэйка павінна быць узорам той дасканальнасці, якая ачмурала самага мудрага з цароў — Саламона!

— Роза Шарона і лілія Далін, — адказаў прыёр, гаворачы словы крыху ў нос.

— Эге! — прагаварыў прынц, — вось і мой маркіз чырвонцаў і барон срэбранікаў… спрачаецца з-за ганаровага месца з нікчемнаю галотаю, у якое ўсё адзенне ў латах, а ў кішэнях, напэўна, няма ні гроша, так што чэрці там упрысядкі скачуць. Клянуся, мой грашовы вяльможа і яго прыгожанькая яўрэйка зараз атрымаюць месца на верхняй галярэі. Гэй, Ісаак, гэта хто такая? Яна табе жонка ці дачка? Што за гурыю магаметавага раю ты трымаеш пад пахаю, быццам скрынку з тваім скарбам?

— Гэта дачка мая, Рэвека, ваша светласць, — адказаў яўрэй з нізкім паклонам, але ані не засароміўшыся прывітаннем прынца, у якім было столькі здзеку, колькі і ласкавасці.

— Ну, тым лепш для цябе! — сказаў прынц з галосным рогатам, якому той-жа час пачалі ўтарыць яго ліслівыя спадарожнікі. — Але ўсёроўна, ці дачка яна, ці жонка, яе трэба ўшанаваць згодна яе хараства і тваіх заслуг… Хто там сядзіць наверсе? — гаварыў ён, заглядваючы ўверх на галярэю. — Саксонскія мужланы… бач, разваліліся ва ўсю даўжыню! Няхай паціснуцца і дадуць месца як Ісааку, так і яго прыгожай дачцы… Я пакажу гэтым невукам, што лепшыя месцы ў сінагозе яны павінны дзяліць з тымі, каму сінагога належыць па праву!

Гэта грубая і зневажальная прамова была накіравана да Седрыка-Саксонца з яго хатнімі і да яго вернага саюзніка і сваяка Атэльстана Конінгсбургскага. Гэты Атэльстан, як патомак апошніх каралёў сасконскай дынастыі ў Англіі, быў вельмі важнай асобай у вачах усіх саксонцаў, і на поўначы Англіі да яго адносіліся з найвялікшай пашанай.

Атэльстан ашаломлены такім загадам, які па тых часах і разуменнях быў роўны кроўнай крыўдзе, зусім не меў ахвоты да падначалення, але ў той-жа час не ведаў, чым адбіць падобнае патрабаванне, а таму абмежаваўся толькі

46