Патрэцяе, калі рыцары выканаюць праграму спаборніцтваў, гэта значыць калі кожны з іх пераломіць кап’ё па пяць разоў, прынц абвесціць, хто будзе назначаны пераможцам гэтага дня, і загадае выдаць яму прыз — баявога каня надзвычайнага хараства і непараўнаўчай сілы, а ў дадатак да гэтай узнагароды адважнаму пераможцу гэтага дня прадстаўляецца асаблівы гонар самому выбраць царыцу кахання і хараства, якая назаўтра ўвянчае таго, хто выйграе прыз.
Пачацвёртае, абвяшчалася, што на другі дзень адбудзецца ўсеагульны турнір, у якім усе рыцары, што жадаюць атрымаць прыз, могуць прыняць удзел, што іх падзеляць на дзве партыі, роўныя па колькасці, і яны могуць біцца, пакуль прынц Іоан не падасць сігналу да сканчэння спаборніцтва, пасля чаго выбраная царыца кахання і хараства ўвянчае таго рыцара, якога сам прынц прызнае пераможцам вянком з залатых лаўровых лісцяў тонкай работы. На трэці дзень адбудзецца спаборніцтва ў стральбе з лука, бой быкоў і іншыя народныя пацехі.
Герольды скончылі чытанне сваёй пракламацыі звычайным выгукам: „Шчодрасць, шчодрасць, адважныя рыцары!“ І з усіх галярэй пасыпаліся да іх залатыя і срэбныя манеты, таму што адным з галоўнейшых правіл рыцарства была шчодрасць у адносінах да герольдаў, якія ў той час адыгрывалі ролю летапісцаў і гісторыкаў ратнага поля. У адказ на атрыманыя падарункі яны паводле звычаю выгуквалі: „Любоў к дамам! Смерць праціўнікам! Гонар вялікадушнаму! Слава адважным!“, а больш сціплая публіка далучала да гэтых выгукаў свае радасныя ўскрыкі. Трубачы аглашалі паветра гукамі сваіх інструментаў. Калі змоўклі ўсе гэтыя гукі, герольды прыгожай чарадой выехалі з арэны і на бегавішчы нікога не засталося, за выключэннем маршалаў, якія ў поўным баявым узбраенні, верхам на закаваных у панцыры конях, і нерухома, як статуі, стаялі каля брам у абодвух канцах поля.
Адкінулі загарадкі і пяць рыцараў, выбраных па жрэб’ю, павольна ўз’ехалі на арэну: адзін наперадзе, астатнія за ім папарна. Яны праехалі праз усю арэну на супроцьлеглы яе канец, узняліся на ўзгорак, на якім стаялі шатры арганіза-
50