Не злазячы з каня, пераможца патрабаваў келіх віна, і адшпіліўшы навуснік або ніжэйшую частку забрала, агаласіў:
— За здароўе ўсіх сумленных англійскіх сэрцаў і на пагібель чужаземных тыранаў!
Пасля гэтага ён загадаў свайму трубачу пратрубіць выклік арганізатарам і папрасіў герольдаў паведаміць ім, што не хоча нікога выбіраць, але гатоў схапіцца з кожным з іх у тым парадку, які яны самі для сябе прызнаюць пажаданым.
Першым выехаў на бегавішча Фрон дэ-Бёф, аграмадны асілак у чорнай броні і з белым шчытом, на якім была намалёвана чорная бычына галава, часткова сцёртая шматлікімі сутычкамі, у якіх пабыў гэты шчыт і ганарлівым надпісам: „Сцеражыся, вось і я!“ Над гэтым праціўнікам рыцар Пазбаўлены Спадчыны атрымаў лёгкую, але рашучую перамогу: у абодвух рыцараў коп’і пераламаліся, толькі Фрон дэ-Бёф пры гэтым страціў стрэмя, і суддзі рашылі, што ён прайграў.
Трэцяя сутычка незнаёмца адбылася з сэрам Філіпам дэ-Мальвуазен і была настолькі-ж паспешна: ён так моцна ўдарыў барона кап’ём у шлем, што завязкі лопнулі, шлем зваліўся, і толькі дзякуючы гэтаму сам Мальвуазен не ўпаў з каня, аднак быў абвешчаны пераможаным.
Чацвертая сутычка была з Гранменілем, і ў ёй рыцар Пазбаўлены Спадчыны выказаў столькі-ж ласкавасці, колькі да гэтага часу праявіў мужнасці і спрытнасці. У Гранменіля конь быў малады і вельмі гарачы, ён так скочыў у бок у момант сутычкі, што коннік не мог папасці ў цэль, а праціўнік яго, замест таго, каб выкарыстаць такое выгаднае для сябе становішча, падняў кап’ё і праехаў міма, не закрануўшы праціўніка, а потым звярнуўся на сваё месца ў канцы арэны і праз герольда прапанаваў яму яшчэ раз памерацца сіламі. Але Гранменіль адмовіўся, прызнаючы сябе пераможаным не толькі майстэрствам, але і ласкавасцю свайго праціўніка.
Ральф дэ-Віпонт дапоўніў спіс перамог незнаёмца, з такою сілаю грукнуўшыся аб зямлю, што кроў лінулася ў яго носам і ротам, і яго амярцвелым вынеслі з бегавішча.
Тысячы радасных галасоў віталі адзінадушнае рашэнне прынца і маршалаў, якія прысудзілі прыз гэтага дня рыцару, што назваў сябе Пазбаўленым Спадчыны.
57