Старонка:Айвенго (1934).pdf/74

Гэта старонка не была вычытаная

ідзі на ўсе чатыры бакі. А калі не ўправішся з ім… няма чаго рабіць, ты такі слаўны хлапец, што я, здаецца, сам унясу за цябе выкуп. А-ну, Мельнік, бяры сваю дубінку і сцеражы сваю галаву; а вы, хлопцы, адпусціце палоннага і дайце яму таксама дубінку. Тут цяпер святла досыць, і яны могуць добра адтузаць адзін аднаго.

Байцам далі па аднолькавай дубінцы, і яны выйшлі на сярэдзіну палянкі, каб як мага лепш выкарыстаць святло месяца. Абступіўшыя іх смяяліся і крычалі свайму таварышу:

— Мельнік, трымай вуха востра, не то сам прайграеш выкуп.

Мельнік ухапіў дубінку за сярэдзіну і, хутка пакручваючы ёю вакол галавы, зухавата выклікаў Гурта на паядынак:

— А-ну, мужык, выходзь! Толькі адважся сунуцца, я табе пакажу, як пападацца мне пад руку!

— Калі ты і сапраўды Мельнік, — адказаў Гурт, з той-жа зухаватасцю і не з меншай спрытнасцю пакручваючы над галавою сваю дубінку, — значыцца, ты ўдвойчы рабаўнік, а я, як сумленны чалавек, выклікаю цябе на бойку!

Сказаўшы гэта, абодва праціўнікі пачалі біцца і ў працягу некалькіх хвілін з аднолькавай сілай, адвагаю і ўмельствам адбівалі і наносілі адзін аднаму ўдары і хуткім хлопаннем адной дубінкі аб другую ўтваралі бесперапынную траскатню; з боку можна было падумаць, што, прынамсі, дванаццаць чалавек б’юцца ў рукапашную.

Доўга яны біліся з роўным поспехам, і Мельнік, бачачы такое ўпартае супраціўленне і чуючы рогат сваіх таварышоў, якія, як гэта бывае ў падобных выпадках, радаваліся яго няўдачы, урэшце згубіў цярплівасць.

Мельнік шалёна наступаў на Гурта, удараючы папераменна абодвума канцамі сваёй дубінкі і стараючыся падысці на поўдубінкі ад яго, тады як свінапас толькі абараняўся, растапырыўшы рукі і хутка пакручваючы кіем, каб абараніць сваю галаву і цела ад удараў. Такім чынам ён трымаўся ў абарончай позе, крыху адступаючы назад і не зводзячы вачэй з праціўніка, покуль не заўважыў, што той пачынае задыхацца. Тады ён леваю рукою замахнуўся ду-

72