Зброяносцы, якія лічылі вялікай небяспекай і цяжкасцю падаваць дапамогу сваім гаспадарам у часе бойкі, цяпер цэлым натоўпам увайшлі ў агарожу, з мэтаю аказаць дапамогу параненым, якіх перанеслі ў суседнія шатры, а некаторых — у іншыя памяшканні, прыгатаваныя ў бліжэйшым паселішчы.
Глеба бегавішча была слізкая ад пралітай крыві і ўсеяна абломкамі зброі і целамі забітых і параненых коняй. І праз гэта поле маршалы зноў павялі пераможца да падножжа трона прынца Іоана.
— Рыцар Пазбаўлены Спадчыны, — сказаў прынц Іоан, — калі вы ўсё яшчэ не згодны абвясціць нам сваё сапраўднае імя, мы пад гэтым тытулам у другі раз прызнаем вас пераможцам на турніры і паведамляем вам, што вы маеце права атрымаць з рук царыцы кахання і хараства ганаровы вянок, які вы сваёю адвагаю поўнасцю заслужылі.
Рыцар пакланіўся пачціва і грацыёзна, але ні слова не сказаў у адказ.
Зноў загучэлі трубы, і герольды, крычучы з усіх сіл, агаласілі гонар адважнаму і славу пераможцу. Дамы замахалі сваімі шоўкавымі хусткамі і вышытымі пакрываламі. Гледачы адзінадушна і голасна выказвалі сваё захапленне, а маршалы зноў павялі рыцара ўпоперак арэны да падножжа ганаровага месца, дзе сядзела лэдзі Равена.
Пераможца паставілі на ніжнюю ступень яе трона на калені. З той хвіліны, як спынілася пабоішча, ён як быццам рухаўся і дзейнічаў не па сваёй волі, а пад уплывам акружаючых яго людзей; пакуль яго ў другі раз вялі праз бегавішча, некаторыя заўважылі нават, што ён хістаецца. Равена сышла з узвышша і толькі што хацела ўздзець вянок, што быў у яе руках, на шлем рыцара, як усе маршалы ўскрыкнулі ў адзін голас:
— Так нельга! Трэба, каб ён агаліў галаву!
Разрэзаўшы завязкі шлема і расшпіліўшы панцырны нашыйнік, яны агалілі яму галаву. Калі знялі шлем, выявіліся прыгожыя рысы юнака гадоў дваццаці пяці, укрытыя цэлым лесам кароткіх кучаравых валасоў светларусага колеру. Загарэлы твар яго быў бледны, як смерць, і ў адным або двух месцах заплямены крывёю.
82