Старонка:Айвенго (1934).pdf/90

Гэта старонка не была вычытаная

— А што калі я не захачу страляць на такіх умовах? Ваша светласць — чалавек магутны, што і казаць: у вас такое мноства ўзброенай варты, што злупіць з мяне адзежу і набіць будзе няцяжка, але нельга прымусіць мяне нацягнуць лук і выстраліць, калі я не захачу.

— Калі ты адмовішся ад мае справядлівае прапановы, старшына рассячэ тваю цеціву, зломіць лук і стрэлы і выганіць цябе адсюль, агаласіўшы цябе маладушным трусам.

— Вы асуджаеце мяне на вельмі рызыкоўны ўчынак, — сказаў іëмен, — і прымушаеце мяне на спаборніцтва з найлепшымі стралкамі Лейстэра і Стафордшыра, а ў выпадку няўдачы пагражаеце мяне такой ганьбой… Няма чаго рабіць, хай будзе павашаму.

— Вартаўнікі, прыглядаць за ім добранька! — сказаў прынц Іоан. — Ён ужо струсіў; а я не хочу, каб ён ухіліўся ад выпрабавання… А вы, добрыя малайцы, страляйце смялей. Смажаны алень і бочка віна падрыхтаваны для вас вось у той палатцы; пасля ўручэння прызоў падмацуеце свае сілы.

У верхнім канцы паўднёвага праезда, што вядзе на бегавішча, паставілі мішэнь. Стралкі падыходзілі па чарзе і станавіліся каля ніжняга канца паўднёвага праезда, адсюль да мішэні адкрывалася прастора, дастатковая для стральбы з лука. Стралкі зараней цягнул жрэб’е, у якім парадку станавіцца на прыцэл, і кожны павінен быў выпусціць па тры стралы падрад.

Адзін за другім выступалі стралкі і бадзёра пасылалі ў цэль свае стрэлы, як належала добрым іёменам. З дваццаці чатырох стрэл дзесяць уткнуліся ў мішэнь, а астатнія размясціліся так блізка ад яе, што выстралы можна было лічыць досыць удалымі. З дзесяці стрэл, што папалі ў мішэнь, дзве ўткнуліся ва ўнутраны круг і абедзве належалі Губерту, ляснічаму, які служыў у Мальвуазена. Яго і прызналі пераможцам.

— Ну, Локслі, — сказаў прынц Іоан, з едкай усмешкай звяртаючыся да смелага іёмена, хочаш цяпер памерацца з Губертам або палічыш за лепшае аддаць свой лук і перавязь з калчанам прыставу?

88