— Калі інакш нельга, — сказаў Локслі, — я не супроць паспрабаваць шчасце, толькі з умоваю, што калі два разы я пападу ў цэль Губерта, дык і ён павінен будзе страляць у тую, якую я вызначу.
— Гэта справядлівае патрабаванне, — сказаў прынц Іоан, — і ў гэтым табе адмовы не будзе. А калі ты пераможаш гэтага хвастуна, Губерт, я насыплю табе поўны рог серабра.
— Пастараюся, як умею, — адказаў Губерт.
Першую мішэнь цяпер знялі з месца і паставілі другую, акурат такую-ж. Губерт, у якасці пераможца, які меў права страляць першым, доўга цэліўся, прыкідваючы вокам адлегласць, увесь час трымаючы лук нацягнутым і палажыўшы стралу на цеціву. Урэшце ён ступіў крок наперад і, выцягнуўшы левую руку, падняў сярэдзіну лука на ўзровень са сваім тварам, а цеціву выцягнуў аж да свайго вуха. Страла са свістам паляцела і ўткнулася ў круг, але не ў самую сярэдзіну мішэні.
— Вы не ўлічылі ветру, Губерт, — сказаў яго спаборнік, нацягваючы свой лук, — а то вы папалі-б яшчэ лепш.
Прыцэліўшыся неахайна, Локслі пусціў сваю стралу. Яго страла папала на дзве цалі бліжэй да белай плямы, якая азначала цэнтр мішэні, чым страла Губерта.
— Клянуся, — сказаў прынц Іоан Губерту, — калі ты дасі, каб гэты нягоднік цябе перамог, цябе варта павесіць!
Губерт зноў стаў на месца і, памятаючы параду свайго спаборніка улічыў слабы подых ветру, які толькі што ўзняўся, прыцэліўся і выстраліў так удала, што папаў у самую сярэдзіну мішэні.
— Губерт! Губерт! — закрычаў натоўп, больш зацікаўлены поспехам вядомай яму асобы, чым незнаёмца. — У самы цвік папаў! Многія леты Губерту!
— Лепш гэтага стрэлу табе не ўдасца зрабіць, Локслі, — сказаў прынц са злараднай усмешкай.
— А-ну, я падаб’ю яго стралу, — спакойна адказаў Локслі, і, пусціўшы стралу некалькі больш уважліва чым раней, пасадзіў яе на стралу Губерта, расшчапіўшы яе ўшчэнт.
Гледачы, якія таўпіліся вакол, былі так здзіўлены такім цудам майстэрства, што анямелі на месцы і нават не усклікнулі.
89