Старонка:Айвенго (1934).pdf/93

Гэта старонка была вычытаная

перацерціся ад двух папярэдніх стрэлаў. На гэты раз ён прыцэліўся куды акуратней, і натоўп народу, прытаіўшы дыханне, чакаў, што будзе. Стралок апраўдаў агульную ўпэўненасць у яго майстэрстве: страла расшчапіла пруцік. Вырваўся выбух выкрыкаў захаплення; сам прынц Іоан забыў на хвіліну свае варожыя адносіны да Локслі.

— Вось табе дваццаць чырвонцаў, — сказаў ён, — і паляўнічы рог, які ты сумленна заслужыў. Мы прапануем табе яшчэ трыццаць чырвонцаў, калі ты згодзен насіць нашу форму і паступіць да нас на службу целахраніцеля нашай асобы. Ніколі рука мацней твае не валодала лукам, і вярней цябе ні адно вока не накіруе стралу.

— Выбачце мяне, прынц, — сказаў Локслі, — я даў зарок, што калі і паступлю можа на службу, то не інакш, як да брата вашай вялікасці, караля Рычарда. Гэтыя дваццаць чырвонцаў я аддаю Губерту: ён сёння страляў з лука нічуць не горш, чым яго пакойны дзед у бойцы ля Гасцінгса. Калі-б ён са скромнасці не адмовіўся ад спаборніцтва, ён-бы гэтак-жа папаў у пруцік, як і я.

Губерт пакруціў галавою і неахвотна прыняў шчодры падарунак незнаёмца, а Локслі, жадаючы хутчэй пазбегнуць агульнай увагі, замяшаўся ў натоўп і больш не паказваўся.

Падаўшы знак усім разыходзіцца з бегавішча, прынц Іоан паклікаў свайго дварэцкага і загадаў яму безадкладна імчацца ў Ашбі і знайсці там Ісаака.

— Скажы яму, — загадаў ён, — каб да заходу сонца абавязкова прыслаў мне сёння-ж дзве тысячы крон. Ён ведае якое я дам забеспячэнне; але ты ўсё-такі пакажы яму гэты пярсцёнак, каб ён не сумняваўся, што ты ад мяне. Астатнюю суму няхай ён даставіць мне ў Іёрк не пазней як праз шэсць дзён. Калі не выканае гэтага, я з яго зніму галаву.


РАЗДЗЕЛ XIV

ПРЫНЦ Іоан даваў багаты банкет у замку Ашбі. Дастаўнікі прынца, карыстаючыся на гэты раз (ды, між іншым і ва ўсіх падобных выпадках) каралеўскім аўтарытэтам, начыста абабралі мясцовых абываталяў, адбіраючы ў іх усякую ўсячыну, патрэбную для гаспадарчага стала. Запро-

91