Старонка:Аляхновіч Пан Міністар.pdf/15

Гэта старонка не была вычытаная

Кукіш (разварочвае газэту, паказвае від, што чытае, але як Пупкін адчыніў шафу, зірнуў у той бок і пабачыў там колькі бутэлек і шмат закусак). Аднэй мала.

Пупкін (наліваючы з бутэлькі ў адну чарку) А там на стале ляжыць другая газэта, ты перагледзь яе.

Кукіш. Я кажу: аднэй чаркі мала.

Пупкін. Ня гневайся, браток! Чым хата багата, тым рада. Ледзь-ледзь адну нацадзіў. (Падае яму чарку гарэлкі і кусок хлеба).

Кукіш. Закускі трэба.

Пупкін. Вось, каб ты ведаў, якая бяда; нічога ў хаце няма, толькі хлеба сухога кусок. Ты-ж ведаеш, што я, як сьвяты, хлеб і вада, вада і хлеб... Бо цела, каток, трэба марыць, сушыць, каб дух, як тая кветка, расьцьвітаў, гэтак пышна расьцьвітаў!..

Кукіш. Кілбасу я ў шафе бачыў.

Пупкін. Няўжо-ж? Ня можа быць! (ідзе да шафы і ізноў яё адчыняе). А, далібог! Ляжыць! А я яе й ня бачыў. Скуль яна тутака, не разумею. (Нясе кілбасу на стол). Але я табе, каток, ня раю шмат есьці, бо пасьля мяса ўсё гэтакія грэшныя мысьлі ў галаву лезуць, аж тфу!

Кукіш (закусваючы). Не зашкодзіць.

Пупкін. А я, вось раз у жыцьці бачыў гэткае здарэньне: зьеў чалавек кілбасы і памёр.

Кукіш. Каб нічога ня еў, хутчэй-бы памёр.