Старонка:Аляхновіч Пан Міністар.pdf/24

Гэта старонка не была вычытаная

Люба. Я першы раз чую гэтакія словы. Я нядаўна з вёскі. Я там жыла ў цёці. Там ня ўмеюць гэтак казаць, як вы. А дзядзенька таксама не такі чалавек, як вы. Ен толькі ўсё: „ах, Любачка! каб ты Любачка не заблудзілася! каб ты, Любачка, не прастудзілася! а каб цябе злыя людзі ня скрыўдзілі!“... А я думаю, што на сьвеце ня надта ўжо так шмат людзей злых, як здаецца майму дзядзі.

Мікола. А як вы думаеце: я — чалавек злы?

Люба. Не. Вы добры.

Мікола. Я сам ня ведаю, які я, наогул ня ведаю, ці ёсьць людзі злыя і добрыя. Людзі, як людзі, — ўсе яны аднолькавы. Што датычыцца мяне, я ведаю адно, што хацеў-бы праз усё сваё жыцьцё глядзець у вашы вочы, чуць ваш голас, цалаваць вашы беленькія ручкі. (Бярэ яе рукі і цалуе. Яны стаяць на парозе балькону).

Люба. Ах, што вы робіце! Гэтак не выпадае. Кажуць, што толькі замужніх цалуюць у руку, а паненак нельга.

Мікола (горача). Мілая мая! Вы для мяне, як сьвятая. Няўжо-ж ня можна цалаваць іконы, няўжо-ж нельга маліцца перад ёю, — а я гатоў маліцца перад вамі, як перад сьвятым вобразам, бо я... бо я... (ізноў бярэ яе рукі, цалуе іх і становіцца перад ей на калены)

Люба. Што вы робіце! Устаньце! Зараз-жа. ўстаньце, кажу вам! Да чаго гэта падобна! Ну, я прашу вас... (чуваць за сцэнай званок). Вось табе на! Дзядзенька прыйшоў! уцякайце!