Старонка:Аляхновіч Пан Міністар.pdf/25

Гэта старонка не была вычытаная

(Бяжыць да сваіх дзьвярэй і ўстрымоўваецца, гледзячы, што станецца з Міколай).

Мікола (хапаецца за вяроўку, хоча лезьць угару, але раптам вяроўка абрываецца; ён падае на балькон. пасьля ўстае і з дурной мінай выходзіць на сцэну). Вяроўка абарвалася!

Люба. Божа мой! Што-ж цяпер рабіць? Уцякайце да Марты, праз кухню! (Піхае яго ў дзьверы кухні. Званок зьвініць другі раз. Любачка ідзе і адчыняе галоўныя дзьверы. Уваходзіць Філімон са Скакуном).

Зьява 13

ФІЛІМОН, СКАКУН, ЛЮБАЧКА.

Філімон. А, гэта ты, Любачка! А дзе-ж Марта? Ну, ідзі, дзетачка, ў свой пакой, нам тут трэба пагутарыць аб важных справах.

Люба (ідзе ў свой пакой).

Зьява 14

ФІЛІМОН і СКАКУН.

Філімон. Вось добра, што я вас спаткаў. Мне казаў аб вас мой прыяцель, Арцімон Кукіш... Ну, дык сядайце, дарагі мой!.. Вось, бачыце, гэты рукапіс, аб якім я казаў вам падарозе. Трэба, значыцца, пералажыць яго і надрукаваць у газэце. Вы гэта можаце?