Старонка:Аляхновіч Пан Міністар.pdf/26

Гэта старонка не была вычытаная

Скакун. О! чаму-ж не? Усё будзе зроблена, як сьлед. Усё — першы сорт, пане міністар...

Філімон. Ну, я яшчэ ня міністар...

Скакун. Але будзеце міністрам! Вы ня ведаеце яшчэ сілы майго пяра. Маё пяро, як рыцарская рагаціна, бязьлітасна скідае з каня праціўніка, а прыяцялём маім расчышчае дарогу...

Філімон. Дык калі трэба будзе зрабіць якія паправачкі, дык вы ужо без цэрамоніі зрабеце, як уважаеце... Гэтым сваім пяром, што як рагаціна.

Скакун. Зробім, зробім, усё зробім. Разумею: гэтакія - для большага хараства стылю - паправачкі.

Філімон. Я чалавек бедны, але я аддзякую (жэст), разумееце? Аддзякую...

Скакун. О! Аб гэтым няварта гутарыць... Гэта само сабой... Але такое глупства!.. Наадварот, мы вельмі рады, што гэтакі несьмяротны твор, гэтакі, можна сказаць, палітычна-моральна-нацыянальны катыхізіс будзе друкавацца ў нашай газэце. Гэта пераварот усіх старых паняцьцяў, гэтакая пераацэнка цэннасьцяў, як той казаў, гэтакая, можна сказаць, моральная рэвалюцыя!...

Філімон. Але, але! Вы гэта правільна... Пераварот, пераацэнка... Хай маладое пакаленьне вучыцца, хай усе ведаюць, хто такі Філімон Пупкін!... Але ў мяне да вас яшчэ адна справа...

Скакун. Хоць тысяча!

Філімон. Вось калі гэта ўсё, значыцца... як гэта сказаць?... Ну, калі я ўжо займу сваё становішча, дык трохі таго... нялоўка... Я, ведаеце,