Старонка:Аляхновіч Пан Міністар.pdf/32

Гэта старонка не была вычытаная

Ну, вось! шмат я сягоньня зрабіў работы! Трэба будзе супачыць. (Ідзе на балькон і бачыць вяроўку). Вось ізноў непарадак! Вяроўка валяецца. Марта мусіць кінула і забылася... Праганю гэту бабу, іншай рады няма. (Выкідае вяроўку праз дзьверы ў кухню). А цяпер да Любачкі! (глядзіць праз дзірачку у дзьвярох). У! ты, ціпачка! (да Любы праз дзьверы). Любачка! ці можна да цябе зайсьці, дзетанька? Гэта я — твой дзядзенька!.. (ціха, асьцярожна ўваходзіць у пакой Любы).


ЗАСЛОНА.

АКТ II.

Зьява 1.

МАРТА і ЛЮБА

(сядзяць на сцэне. Марта круціць лыжкай цеста ў місе, Люба нешта шые).

Люба. Я надта рада, што Марта, пачуўшы ўчора мой крык, выцягнула дзядзеньку з майго пакою. Бо мне было гэтак прыкра! — я была ўжо распрануўшыся, а дзядзенька ўвайшоў у мой пакой і пачаў цалаваць мяне ў шыю. Няўжо-ж усе дзядзі гэтак цалуюць сваіх пляменьніцаў?

Марта. Ды твой „дзядзенька“, Любачка, гэта не такі звычайны дзядзенька, а так... як і ня дзядзенька.