СІЛУЭТЫ МАЛАДНЯКОЎЦАЎ.
(Таварыскія шаржы).
Астап Вішня — украінскі сатырык некалі напісаў абразкі гутарак гасьцей, прысутных на сходзе паэтаў:
— І цэ паэты?
— Дивись, дивись… і ў штанах!..
Так, так, дарагія таварышы. Няхай будзе вядома — і ў Беларусі нашыя паэты таксама ходзяць у штанах; і наогул расчароўвайцеся, расчароўвайцеся, бо калі паэтаў зьвесьці з „Парнаса“, дык і ў іх пад паэтычнай вопраткай гэтакая-ж проза, як і ва ўсіх людзей.
Маё сёньняшняе заданьне (ў парадку авансавай дысцыпліны) ў тым і выяўляецца, каб напісаць сілуэты маладнякоўцаў, як людзей. Пра тых маладнякоўцаў, пра якіх гэта можна будзе напісаць, я і напішу.
Першы: Міхась Чарот, брандмэйстар „Маладняка“. Яго ўсе хваляць. Гэта ўжо прызвычаілася, надакучыла, няцікава.
Ну, хто-ж ня ведае, што ён добры паэта, гэтае лірычнае сапрана „Маладняка“. Але гэта, я-ж казаў, ужо празвычаілася. Я новае напішу пра Чарота.