МАЛАЙЦЫ ЗЕМЛЯКІ…
„Адзін грамадзянін з перапою звар‘яцеў і ў той час, як яго вялі ў міліцыю, пачаў зьбіраць па вуліцы трэскі, думаючы, што ён у лесе“.(З газэт).
Малайцы землякі!..
Любяць выпіць!..
І з гонарам за сваіх землякоў магу дадаць: — і могуць выпіць.
Вунь пра аднаго земляка, дык нават у газэтах пісалі.
Можа дзядзька выпіць!
Праўда, хоць-жа сабе пасьля дзядзька і звар‘яцеў ад гарэлкі, але-ж за тое, як суседзі з гонарам казалі, яе-ж і выпіў.
Любяць землякі выпіць!
Вядуць земляка ў міліцыю, а ён сабе ідзе ды трэскі зьбірае.
І суседзі з пашанаю кажуць:
— „Вось гэта да… „двиствительно“. Гэта выпіў“…
І земляку прыемна: яго ў вучастак вядуць, а ён лічыць, што ў лес па трэскі прыехаў.
Пасадзілі дзядзьку ў міліцыю, а ён лічыць, што да сваёй бабы на печку ўзабраўся.
Рад дзядзька!