ВЯСЁЛЫ НАРОД…
Люблю панскую Польшчу.
Маладая дзяржава, а працавітая…
— Школы зачыняе…
— Нацменшасьці граміць…
— Турмы будуе…
А тут яшчэ дзяржаўныя спрэчкі пайшлі…
Адны кажуць: стаяць!
Другія кажуць: сядзець!
Адны кажуць: дурні!
Другія адказваюць: ад гэткіх і чуем таму, што і вы члены сойму…
Нарэшце вынесьлі крэслы і прачыталі дэкрэт аб адчыненьні сойму.
А тыя, што крычалі „стаяць“, яшчэ і пасьмейваліся над тымі, што гукалі „сядзець“.
Казалі: — сядайце, будзьце ласкавы, панове паслы на сойм. На чым стаіце, на тым і сядайце! Просім!..
І не пасьпелі яшчэ паслы адпачыць пасьля першага дзяржаўнага канфлікту, як выбух другі.
Адны кажуць: устаўляць!
Другія адказваюць: не ўстаўляць!
Адны кажуць: людзі сьмяяцца будуць.
Другія адказваюць: затое ў пер‘ях хадзіць будзем!