УСЁ ЯШЧЭ ЧЫРЫКАЮЦЬ.
…А па-за межамі ўсё яшчэ „чырыкаюць“…
Народ пашоў гэткі „закавырысты“ — проста жыцьця няма…
Жыве народ па прыказцы: „дагнаць не дагоніш, а пабегчы можна…“
Вось-жа ў Парыжы ў радакцыі „Дней“ на дыспуце зноў выступіў Керанскі…
— Любую ўладу, але толькі не бальшавіцкую прывітаю я, — сказаў Керанскі…
— Захадзіў млын, адгукнулася Кускова. — Кожны раз адно і тое меліць… Хаця-б я памёрла раней гэтага выступленьня. Разбудзі, як кончыць аратар — папрасіла Кускова суседа.
Пасьля Керанскага слова ўзяла Кускова…
— Калісь я казала, што я аддам сваю правую руку раней чым прызнаю бальшавікоў.
— Што ёй болей рабіць, калі ёй гэтак не шанцуе, — тлумачыў Керанскі свайму суседу…
Нарэшце „млын“ запрапанаваў рэзалюцыю.
— У зьвязку з супярэчнасьцямі ў эміграцыі, адкласьці зьнішчэньне савецкай улады на 15 год…
Значыць, — адклалі?..
Ну і добра!..