Вось ніколі у вочы не бачыў драча! Кажуць птах саўсім невялічкі!
А бацян! Ты толькі паглядзі на яго, з якой павагай ходзіць па сенажаці, як той, пане дабрадзею, маскаль міколаеўскі на вученні…
Што? ізноў акунь. Гэтак усю рыбу вылавіш! Хоць на завод пакінь.
А вячэра, пане дабрадзею, будзе каралеўская, казаў Лагуньскі, нават і ня для тых, хто, як я, адмахаў дарогу па апастольску — пешкі. — Даўно ўжо збіраюся да цябе, пане Ежы! Шукаў па месьце, сумысьне хадзіў колькі разоў на Высокі рынак, распытываўся Пятроўцоў аб цябе, нарэшце — лахі пад пахі і тут
— Дзякую, атказаў Гарасімовіч, не адрываючыся ат паплаўка, каторы то разам апушчаўся на глыбіню, то зараз жэ ізноў з’яўляўся на вярху.
— Па дарозе бачыў тваю хату, казаў далей Лагуньскі, шыбка ідзе работа: ішча месяц-два і ўходзіны справім.
— Німа рады, атказаў Гарасімовіч, летам абы дзе перабудзіш, а зімовай парой якжэ мы дзьве сямьі у ваднэй хаце памесьцімся?
— А лесу-ж навазіў! Ня ўжож такі праўду у месьце кажуць, што будуіш фабрыку?
— А штож тут такога асаблівага? Чаму я ня магу мець фабрыку?
— Як німа асаблівага? у Пятроўшчыне, наш жэ чалавек і — на табе! фабрыка!
Кажуць: быў у Амэрыцэ. Праўда! Але што з таго? Відзіў тых, што з Амэрыкі варочаюцца. Ты ня першы! Прывязе грошы… А што ён з імі робіць? Добра, калі каторы хату направіць, альба карову купіць, а то зложыць свой капітал на почце і патрошку бяре аттуль, аж пакуль ўсё высмакчэ. Я ўжо ня буду казаць аб тых, што пачынаюць лайдачыць і замест карысьці толькі здароўе сваё руйнуюць і другім благі прыклад даюц. А тут фабрыка! Дзіўна!