глыбокае і шырокае гора. На хвілінку нібы аслупянеў. Я глядзеў у далячыню, дзе за садам сінела неба і зелянелі лугі, а за імі зялёнаю, нібы пуховаю, мумкаю прыгажэў вясновы лес.
Прызнаюся, я троху захапіўся малюнкам вясны і на хвіліну забыўся аб Крэйне.
З дрымотна-салодкага аняменьня мяне вывеў ціхі мэлёдычны дзявочы сьмех.
Я зірнуў на вакно і прывітаў:
— Добры дзень, Крэйна! Гэта вы сьмяецеся так рана?
— А можа нельга так рана сьмяяцца? — высунулася яна з вакна, за ёю і Зоя. Абедзьве прыветна кіўнулі мне.
Крэйна запытала:
— Ну, як падабаецца вам кватэра, сад?
Я адказаў:
— Ах, мілыя чалавечыцы, мне нячувана добра ў гэтым глухім і прыгожым куточку Беларусі, і я ўжыву ўсе захады, каб затрымацца тут на доўгі час, калі не навек!
IV. ЖАЎТАРОТЫ ПТУШАНОК
Пасьля гарбаты я з Крэйнай і Зояй накіраваліся ў выканком.
Было напярэдадні 1 траўня. Вуліцы падмяталі, вокны мылі, ганкі шаравалі. Міліцыя наглядала, каб мястэчка выглядала сьветлым і прыбраным. Была разьвешана аб’ява, каб перад сьвятам тры разы ў дзень падмяталі вуліцы: а 9-ай гадзіне, а 15-ай і 21-ай. Усе грамадзяне шчыра выконвалі гэты зусім сваячасовы загад.
Мы асьцярожна праходзілі паміж узброеных доўгімі мятламі падлёткаў і дарослых. Прыходзілася пільна сачыць, каб не папасьці ў самы пыл. А пыл быў узьняты такі моцны, што нельга было нічога разгледзець.
Каля вэтэрынарнай амбуляторыі мы спаткалі нейкага жвавага піпканосага маладога чалавека ў вышыванай сарочцы. Правільней кажучы, ён наляцеў на нас і ледзьве ня зьбіў нас з ног. Ён некуды сьпяшаўся.
Крэйна схапіла хлапца за рукаў.
— Ці не на дождж ты разьбегаўся?
Малады чалавек радасна ўсьміхнуўся дзяўчатам і,